6 ліпеня 1253 года – каранацыя Міндоўга.
Першы вялікі князь літоўскі, першы і апошні кароль літоўскі. Карону атрымаў ад Папы рымскага, прыняўшы каталіцкую веру.
Лічыцца, што Міндоўг запачаткаваў беларускую дзяржаву з назвай Літва. Пры ім узрасло палітычнае значэнне Наваградку, які стаў першай сталіцай дзяржавы. Дзякуючы МІндоўгу Літва-Беларусь займела міжнароднае прызнанне і ўлучылася ў еўрапейскі кантэкст.
Міндоўг адзін з першых убачыў перспектыву ў руху на захад, у Еўропу. Праводзіў палітыку аб’яднання беларускіх земляў і пашырэння тэрыторыі гаспадарства, імкнучыся ўзмацніць яго ўплыў на суседнія землі і дамагаючыся выхаду з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў.
Паводле Васкрасенскага летапісу, ён паходзіць з роду полацкіх Ізяславічаў (Рагвалодавічаў).
У Наваградку ёсць гара Міндоўга. Паводле падання ў XIII стагоддзя пад ёй пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага – Міндоўг.
Паводле іншай версіі, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе праходзіла ў 1253 годзе каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага Інакенція IV карону і тытул Караля Літвы.
wikimedia.org
6 ліпеня 1851 года нарадзіўся Янка Лучына (Іван Неслухоўскі).
Паэт, перакладчык.
Як беларускі паэт дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага паражэннем паўстання 1863 года і рэпрэсіямі расійскіх уладаў за яго.
Тэматычна паэзія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Ён па-мастацку асэнсаваў рэчаіснасць, сцвярджаў дэмакратычныя ідэалы.
wikimedia.org
6 ліпеня 1905 года нарадзіўся Пятро Глебка.
Грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, драматург, перакладчык.
Друкаваўся з 1925 года. Першы яго зборнік – «Шыпшына» – красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту.
Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі – мройліва і светла.
«Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі. Вышэйшая асвета дала яму вялікую карысць. Яго талент узбагачаны думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўніверсітэту была ашчасліўлена такім прафесарам», – пісаў Кузьма Чорны пра Пятра Глебку.
wikimedia.org
6 ліпеня 1927 года нарадзіўся Кастусь Харашэвіч.
Мастак-жывапіцец.
Вучыўся ў Маладзечанскай гандлёвай школе падчас 2-й сусветнай вайны. Прымаў удзел у дзейнасці Саюзу беларускай моладзі.Сябра Беларускага саюзу мастакоў і мастацкай суполкі «Пагоня».
Сузаснавальнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечне.
Творчасць мастака-пэйзажыста прадстаўлена больш чым 500 карцінамі, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсёй Беларусі.
Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, Скандынаўскім цэнтры ў Менску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Нямеччыне, ЗША, Канадзе і Ізраілю.
У 2011 годзе ў філіяле дзяржаўнага літаратурнага музею імя Янкі Купалы ў Яхімаўшчыне адкрылася персанальная галерэя твораў Кастуся Харашэвіча.
Памёр 12 ліпеня 2013 году ў Маладзечне.
molib.by
6 ліпеня 1977 года нарадзіўся Максім Мірны.
Беларускі тэнісіст. Экс-першая ракетка свету ў мужчынскім парным разрадзе, 10-разовы пераможца турніраў Вялікага шлема, Алімпійскі чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 г. у парным разрадзе разам з Вікторыяй Азаранкай.
Максім Мірны – рэкардсменам па колькасці матчаў, згуляных у Кубку Дэвіса. У 2003 годзе, дзякуючы яго перамогам, зборная Беларусі трапіла ў Сусветную – найвышэйшую – групу ў Кубку Дэвіса.
wikimedia.org
6 ліпеня 1989 года адроджана Полацкая праваслаўная епархія, найстаражытнейшая ў Беларусі.
Полацкая епархія вядзе сваю гісторыю ад канца Х – пачатку XI стагоддзяў, калі тут была заснавана першая ў Беларусі епіскапская кафедра.
У X–XIII стагоддзі ў яе склад уваходзіла тэрыторыя з гарадамі Віцебск, Мінск, Ізяслаў, Лагойск, Слуцк, Друцк, Наваградак, Ворша, Лукомль.
З 1391 года кафедра атрымала статус архіепархіі.
Цяпер епархіі ўключае тэрыторыі Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Полацкага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў.
Кафедральныя саборы – Багаяўленскі (Полацк), Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы (Глыбокае).
gorod214.by
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў