Эколагі ведаюць, што насамрэч мёртвая драўніна – жывая. Гэта спажыўнае асяроддзе для казурак, грыбоў, міксаміцэтаў, імхоў, лішайнікаў. Гэтыя стварэнні абавязаныя свайму нараджэнню аджылым век дрэвам.
Прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» апублікавала серыю фотаздымкаў з «фантастычнымі» насельнікамі «аджылага лесу».
«Сярод насельнікаў загінулых дрэваў сустракаюцца сапраўды дзіўныя істоты. Трэба толькі ўважліва прыгледзецца да навакольнай дзікай прыроды – і тады адкрыецца проста дзіўнай прыгажосці свет», – адзначана на сайце ўстановы.
У лесе памерлыя дрэвы знаходзяцца на розных стадыях раскладання – ад тых, што толькі заваліліся да амаль ператвораных у пацяруху, цалкам паглынутых пластом імхоў і лішайнікаў.
фота: hnpbp.by