У Мікалаеве фактычна знішчаны вадаправод. На дзявятым месяцы поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну высветлілася, што ў Мікалаеве з-за салёнай вады пашкоджана карозіяй 240 кіламетраў вадаправода. З красавіка ў Мікалаеве няма прэснай вады, паведамляе УНІАН
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Вадаправодная сістэма для забеспячэння насельніцтва, прадпрыемстваў, войск напаўнялася салёнай вадой з Днепра-Бугскага лімана. Генеральны дырэктар гарадскога камунальнага прадпрыемства “Мікалаеўводаканал” Барыс Дудзенка адзначае, што карозіяй пашкоджаны трубы па ўсім горадзе.
images.unian.net
Для выпраўлення сітуацыі пачата супрацоўніцтва з “Таварыствам Чырвонага Крыжа”, “UNICEF”. Кошт рамонту гарадской сеткі з’яўляецца настолькі маштабным, што яго не здужае ні мясцовы бюджэт, ні дзяржаўны.
У Мікалаеўскай вобласці без электрычнасці застаюцца амаль 90 населеных пунктаў.
З пачатку вайны акупанты часткова пашкодзілі або цалкам знішчылі 787 аб’ектаў электразабеспячэння на тэрыторыі рэгіёна, паведамляе palyanytsyaua.
Усяго на Мікалаеўшчыне расійцы пашкодзіла і знішчылі 13 542 грамадзянскія аб’екты, сярод іх: 92 медыцынскіх, 388 навучальных устаноў, 184 установы культуры, 189 прамысловых прадпрыемстваў, 8 729 аб’ектаў жыллёвага фонду, 992 аб’екты газазабеспячэння, 30 аб’ектаў аб’ектаў водазабеспячэння і іншыя.
Тым часам, працягваецца праца сапёраў. У вызваленых раёнах вобласці выявілі больш за 100 мін, якія акупанты схавалі ў сярэдніх школах.
palyanytsyaua.com
Акупанты зруйнавалі каталіцкую капліцу ў Кісялёўцы.
Каля вызаленага ад акупантаў раённага цэнтра Снігіроўкі акупанты разбурылі храм, які перажыў сусветную вайну і камуністычны рэжым. Будынак не дачакаўся свайго 170-годдзя, якое планавалася адсвяткаваць 8 снежня.
Храм Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Кісялёўка, як сведчыць пробашч парафіі айцец Аляксандр, цалкам разбураны і аднавіць яго немагчыма, толькі пабудаваць нанава. Знішчаны найстарэйшыя іконы. Сяло Кісялёўка было заснавана католікамі-перасяленцамі з Польшчы і Беларусі. Мураваная капліца ўзведзена ў 1852 годзе.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».