Гэта паэма ўваходзіць у калекцыю выбітных літаратурных твораў старажытнай беларускай літаратуры. Яна вядомая дзякуючы таму, што друкаваная кніга з ёй захавалася ў адзіным экзэмпляры. Аўтар напісаў твор, каб прадэманстраваць свае інтэлектуальныя і літаратурныя таленты і быць прынятым настаўнікам у Магілёўскую брацкую школу.
Аляксей Бацюкоў амаль паўтары гады вядзе свой цыкл адукацыйных лекцый пра Магілёў і Магілёўшчыну, пачынаючы ад часоў неандэртальцаў, набліжаючыся да нашага часу. Мяняюцца платформы для размяшчэння відэа, і цяпер аўтар працуе на сваім асабістым ютуб-канале.
Хто такі Аляксей Бацюкоў
– Магілёўскі гісторык, пісьменнік і журналіст, які быў звольнены з пасады дырэктара Музею гісторыі Магілёва ў лютым 2021 года.
– На пасадзе дырэктара музэю адзначыўся гучнымі набыткамі гісторыка-культурных каштоўнасцяў для музейнай экспазіцыі – гэта адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута ВКЛ 1588 года, меч мсціслаўскага рыцара XVI стагоддзя, літургічнае покрыва са слуцкага пояса, адзіны ў Магілёве асобнік кнігі Спірыдона Собаля і шмат іншага.
– Быў двойчы асуджаны да адміністратыўных штрафаў за ўдзел у мітынгах у Магілёве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
«Лабірынт…» – пра што гэтая паэма
Чарговая лекцыя Аляксея Бацюкова прысвечаная выхаду ў друк унікальнага твору – першай магілёўскай паэмы, прычым напісанай магілёўцам для магілёўцаў і пра Магілёў. Яе аўтар – праваслаўны месціч Фама Яўлевіч надрукаваў твор у 1625 годзе ў Кракаве, дзе ён вучыўся вольным навукам у Ягелонскім універсітэце.
Эмацыйны і маралізатарскі зварот маладога вучонага – Яўлевічу было каля 25-30 гадоў – спалучаецца з аналізам развіцця паэтычнай традыцыі ў ВКЛ і прычынамі пачатку панавання польскай мовы.
Паэма «Лабірынт – альбо заблытаная дарога…» уваходзіць у калекцыю выбітных літаратурных твораў старажытнай беларускай літаратуры. Лабірынт, вы ўяўленні Фамы Яўлевіча – гэта цяжкі грамадска-палітычны стан, у якім апынуўся Магілёў у пачатку XVII стагоддзя ва ўмовах ціску на традыцыйную культуру і веру. А Мудрасць – галоўная гераіня паэмы – з’яўляецца памочнікам, які здольны вывесці гараджанаў з небяспекі. Дзеля выратавання магілёўцам спатрэбіцца трываласць у змаганні з дрэннымі звычкамі і непісьменнасцю, павага да навукі і школьнай адукацыі.