Дзень у гісторыі. Дзень шахмат. Зямляне на Месяцы. Нарадзіліся калекцыянер Гальяш Леўчык, спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Загінуў журналіст Павел Шарамет. Прысяга Лукашэнкі

20 ліпеня – Міжнародны дзень шахмат International Chess Day.

Адзначаецца ад 1966 году. Устаноўлены Міжнароднай шахматнай федэрацыяў, якая была заснавана ў гэты дзень у 1924 годзе.

Беларусь у Міжнароднай шахматнай федэрацыі ад 1992 году. За яе выступаюць 22 міжнародных гросмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыдумалі ў індыі. Беларусам, паводле археалагічных дадзеных, яны вядомыя не пазней за XI стагоддзе. Шахматныя фігуры знаходзілі ва ўсіх буйных гарадах. Сабраная калекцыя лічыцца найвялікшай ва Усходняй Еўропе.


20 ліпеня 1969 года на Месяц прылуніўся модуль Eagle касмічнага карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцавы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.


20 ліпеня 1880 года нарадзіўся Гальяш Леўчык.

Паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Блізкі сябар Янкі Купалы.

Пісаў для першай беларускамоўнай газеты «Нашай нівы», аўтар зборніка вершаў «Чыжык беларускі».


20 ліпеня 1971 года нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў «KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў «Я нарадзіўся тут», «Budzma The Best Rock» і інш. Запісаў больш за 20 альбомаў.


20 ліпеня 1977 года памёр Іван Любачка.

Беларускі гісторык.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957».

Працаваў на Бялыніччыне ў Галоўчынскай школе. У 1943 годзе вывезены нацыстамі на працы ў Германію.


20 ліпеня 2016 года загінуў Павел Шарамет.

Журналіст.

Загінуў у выніку падрыву прыватнай машыны. Тэракт адбыўся ва Украіне.

Працаваў на тэлеканалах і газетах у Беларусі, Расіі і Украіне

Заснавальнік інтэрнэт-выдання «Беларускі партызан».

Суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў

Лукашэнка пазбавіў Шарамета беларускага грамадзянства.

20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і заступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У другім туры першых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 10 ліпеня 1994, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка перамог старшыню ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80,34% галасоў (у Кебіча было 14,17%). З улікам яўкі, гэта, адпаведна, 56% і 10% ад усіх грамадзянаў, якія мелі права голасу.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў