За некалькі гадзін капіталізацыя USD Coin скарацілася на 15%, а сам стэйблкоін адвязаўся ад курса долара. Гэта стала вынікам нечаканага краху буйнога амерыканскага банка Silicon Valley Bank.
Стэйблкоін USD Coin альбо проста USDC яшчэ ўчора вечарам меў агульную капіталізацыю ў 43 мільярды долараў. Цяпер жа яна толькі крыху перавышае 36 мільярдаў, а яе курс больш не складае роўна 1 долар, як павінен – сведчыць буйнейшы сайт для адсочвання крыптавалют Coinmarket. Сутнасць стэйблкоіна – альбо стабільнай манеты – заключаецца якраз у тым, каб гэтая крыптавалюта незалежна ні ад чаго заўсёды каштавала менавіта 1 долар, альбо 1 адзінку іншай звычайнай валюты, да якой яна прывязаная.
У выпадку, калі рынкавы кошт стэйблкоіна паніжаецца ў ходззе абменных аперацый, рэзервы крыптарэсурса павінны аўтаматычна напаўняць рынак альбо скупаць лішнія сродкі, каб пазбегнуць роста альбо зніжэння курса. На дадзены момант USDC займаў пятае месца па капіталізацыі сярод усіх крыптавалют, і быў другім па значэнні пасля Tether (3-е месца).
Верагодная прычына «адвязкі» USDC ад долара – інфармацыя аб тым, што эмітэнт стэйблкоіна, кампанія Circle, трымаў 9,8 мільярды долараў у Silicon Valley Bank. Учора банк абанкруціўся, што стала найбуйнейшым банкаўскім крахам з 2008 года – піша Boursorama.