58,5% бюджэта Крычаўскага раёна ў 2022 годзе даў недзяржаўны сектар эканомікі, а расходы большыя чым даходы

Бюджэт Крычаўскага раёна за 2022 год выкананы з прафіцытам: расходы перавысілі даходы на 0,8 мільёна рублёў. Пра гэта на паседжанні Крычаўскага выканаўчага камітэта расказала намеснік начальніка фінансавага аддзела Аксана Чухлей.

Паступленні ад плацельшчыкаў дзяржаўнага сектара эканомікі за мінулы год склалі 32,6 % раённага бюджэту, недзяржаўнага – 58,5 %

Гэта паказчык вышэйшы чым у цэлым па Магілёўскай вобласці. 43,1% даходу бюджэту Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе сфарміраваны прыватным сектарам, 56,9% – дзяржаўным сектарам эканомікі пісалі mogilev.media. 

Як адзначыла намеснік начальніка фінансавага аддзела Крычаўскага райвыканкама, у структуры расходаў асноўнымі накірункамі з’яўляюцца расходы на сацыяльную сферу (68,1%), а таксама на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва (18%). 

90,6% расходаў раённага бюджэту – гэта фінансаванне ў рамках 14 зацверджаных дзяржаўных праграм. Найбольшая вага – 35% – ідзе на дзяржаўную праграму «Адукацыя і моладзевая палітыка». Амаль чвэрць – на дзяржпраграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”.

Фота ілюстрацыйнае 

Нашла каса на камень – мсціслаўскае райпо закрывае краму ў крычаўскім раёне, крычаўскія чыноўнікі супраць

Мсціслаўскае спажывецкае таварыства хоча зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства ад такога рашэння не ў захапленні.

Вёска Ермакоўка на Крычаўшчыне налічвае паўсотні жыхароў. Тут пакуль працуе стацыянарная крама.  Нягледзячы на тое, што графік працы гандлёвай кропкі ўсяго тры гадзіны на дзень, яе наведваюць не толькі жыхары самой Ермакоўкі, але і сяляне з бліжэйшых населенных пунктаў. 

Тым не менш, прадстаўнікі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якому належыць магазін, прынялі рашэнне аб яго закрыцці. З гэтым не пагадзілася стараста вёскі Ермакоўка Надзея Ракоўская, якая паведаміла пра неадназначную сітуацыю свайму кіраўніцтву, а таксама стала збіраць подпісы мясцовых жыхароў супраць закрыцця вясковай крамы.

Канфліктная сітуацыя прывяла да сустрэчы насельніцтва вёскі з кіраўніцтвам Крычаўскага раёна і прадстаўнікамі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства. Прадстаўнік дэпутацкага корпуса Крычаўкага раёна Ірына Пруднікава на сустрэчы дакладна абазначыла пазіцыю: ні райвыканкам, ні раённы Савет дэпутатаў згоду на ліквідацыю гандлёвай кропкі не дадуць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Мсціслаўскага райспажыўтаварыства патлумачылі, што давядуць пазіцыю да свайго кіраўніцтва.

Па меркаванні раённага кіраўніцтва вясковы гандаль не проста можа развівацца ў далейшым, але і павялічваць тавараабарот, бо сама крама размешчана на трасе, а гэта значыць, што шмат хто заязджае сюды.  Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Пруднікавай, хоць Ермакоўка аддаленая і ад раённага цэнтра, і ад аграгарадка Маляцічы, пазбавіць мясцовых жыхароў якаснага гандлёвага абслугоўвання  недапушчальна.

Тым не менш, пытанне з будучыняй сельскай гандлёвай кропкі застаецца незразумелым і цьмяным, а далейшы яе лёс будзе вызначацца ў бліжэйшы час.  Адзначым, што ў Ермакоўцы налічваецца 11 дзяцей. Больш за тое, у вёсцы жывуць дзве шматдзетныя сям’і, для якіх закрыццё вясковай крамы будзе досыць адчувальным.

Наш каментар.

Сітуацыя, пры якой раённая сетка крамаў Крычаўскага раёна перастала быць у ведамстве мясцовых уладаў склалася ў 2014 годзе. Менавіта тады, пры тагачасным старшыні Крычаўскага райвыканкама Васілі Сысоеве, было ліквідавана Крычаўскае раённае спажывецкае таварыства, а ўсе дзяржаўныя крамы перайшлі ў ведамства Мсціслаўскага раёна.  Што цікава, то менавіта ў гэтым годзе мясцовая чыноўніца Ірына Пруднікава стала старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ больш паказальна тое, што да высокай пасады раённага маштабу Пруднікава ўзначальвала сектар гандлю і паслуг аддзела эканомікі і мае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Крычаўскага РАЙПО. 

Фота ілюстрацыйнае 

Дзяржкантроль ізноў знайшоў “абасраных” кароў на Магілёўшчыне

Гэтым разам у Бялыніцкім, Касцюковіцкім, Кіраўскім, Клічаўскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім і іншых раёнах

Праверка ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд выявіла, як звычайна, шматлікія парушэнні і недахопы. У ранейшы час за непамытых, брудных кароў зляталі са сваіх пасадаў губернатары і міністры. Сёння ўсё інакш. 

Як паведамілі “Навіны Бялынічаў”, Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці правёў кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарках рэгіёну і ў прыватнасці ў Бялыніцкім раёне. 

Выявілася, што кароў, як звычайна, недакормліваюць і парушаюць рацыён кармлення. У прыватнасці ў ААТ “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” выяўлена: “Неналежнае ўтрыманне цялят, недахопы пры іх выпойванні, кармленні і вадапаенні, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў”. Пры гэтым таксама ўстаноўлены факт незбалансаванага кармлення і паення дарослага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Правяраючыя канстатавалі, што “нягледзячы на значнасць своечасовага выпойвання нованароджаным цялятам малодзіва для выпрацоўкі ў іх імунітэту, іх выпойванне ў начны час не арганізавана на фермах правераных гаспадарак.” Традыцыйна выяўлены і “абасраныя” (тэрмін афіцыйных паведамленняў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі) каровы. 

Праблема “абасраных” кароў настолькі важная, што рэйды супрацоўнікі Камітэта, Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў і аблвыканкама праводзілі ў выходныя дні альбо начны час. Чыноўнікі пагражаюць працягваць свой маніторынг.

Сітуацыя ў Бялыніцкім раёне не з’яўляецца выключэннем з правіл. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх гаспадарках, якія правяраліся. 

Неналежнае ўтрыманне цялят, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў і індывідуальных домікаў выяўлены ў гаспадарках: “Тэльмана” Клічаўскага, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” Бялыніцкага, “Неўскі-Агра”,  “Добрасць” і “Крычаўрайаграпрамтэхзаб” Крычаўскага, “Жылічы” Кіраўскага, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка” Магілёўскага, “Заранскі” і “Наша Радзіма” Слаўгарадскага, “Машавое” Касцюковіцкага раёна. 

Выпойка нованароджаных цялят малодзівам у начны час не арганізавана на наведаных фермах “Дабросць”, “Крычаўрайаграпрамтэхзаб”, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб”, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка»”.

Адзначана “загноенасць” (занавожанасць) асобных адрын, выгульных пляцовак, гноясховішчаў практычна на кожным аб’екце названых сельгасарганізацый.” Менавіта таму магілёўскія каровы па ранейшаму часцяком брудныя і недагледжаныя.