Дзень у гісторыі. 30 кастрычніка. Адкрыццё БДУ. Разагнаны міліцыяй мітынг «Дзяды». Публікацыя верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» –тгімну БНР. Дзень памяці паўстанца і даследчыка Сібіры Аляксандра Чаканоўскага, мастака Фердынанда Рушчыца

1728 год. Нарадзіўся Марцін Пачобут-Адляніцкі. 

Астраном і асветнік. Прафесар Віленскай акадэміі, рэктар Галоўнай школы ВКЛ. 

Адзін з арганізатараў і першы дырэктар найстаражытнай у Еўропе Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Каралеўскі астраном. 

39 гадоў вёў астранамічныя назіранні, вызначыў геаграфічныя каардынаты Вільні, Гродна, Полацка, іншых гарадоў.

Актыўна падтрымаў паўстанне 1794 года. 

Звяртаўся да Папы Рымскага, каб аднавіць езуіцкі ордэн.

У яго гонар названы кратар на Месяцы.

1876 год. Памёр Аляксандр Чаканоўскі

Даследчык Сібіры.

За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў сасланы ў Сібір. 

Па даручэнні Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства правёў геалагічныя даследаванні на поўдні Іркуцкай губерні. 

Сабраў першыя дакладныя звесткі па геалогіі рэгіёна рэк Ніжняя Тунгуска, Лена і Алянёк.

На Ніжняй Тунгусцы адкрыў радовішча каменнага вугалю і графіту.

Яго імем названы краж паміж рэкамі Лена і Алянёк, горад у Іркуцкай вобласці і шэраг выкапнёвых раслін.

wikimedia.org

1885 год. Нарадзіўся Альбрэхт Антоні Радзівіл

Палітычны дзеяч, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў». Падтрымліваў БНР.

Прыхільнік беларускай нацыянальнай ідэі. Сябе вызначаў як «тутэйшы».

Падчас Першай сусветнай вайны дазволіў на тэрыторыі Нясвіжскага замка размясціць шпіталь, штаб 2-й рускай арміі. 

Арганізатар у Нясвіжы з’езда Радзівілаў (1915). Фінансаваў стварэнне польскіх войск у расійскай арміі.

У 1926 годзе на яго жыццё ажыццявіў замах з засады будучы Герой Савецкага Саюза і старшыня кіраўскага калгаса “Рассвет” Кірыл Арлоўскі.

З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці: падтрымліваў школы, студэнтаў, артыстаў, касцёлы. Займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка.

Памёр 18 снежня 1935 года ў Варшаве. Пахаваны ў радавой спачывальні.

wikimedia.org

1888 год. Дзень нараджэння шарыкавай асадкі: атрыманы першы патэнт на яе выраб Джонам Лаўдам. 

У 1916 годзе на сваю мадэль асадкі атрымаў патэнт Ван Вечтэн Райзберг, у канцы 1930-х – венгерскі журналіст Джозэф Ласла Біро, у 1943 – амерыканец Мілтан Рэйналдс, у 1958 – француз Марсэль Бік (мадэль BIC).

1905 год. Нарадзіўся Андрэй Бембель

Беларускі скульптар. Народны мастак Беларусі.

Аўтар бюстаў і помнікаў выбітных дзеячоў, элементаў аздаблення Дома ўрада, заляў Прэзідыума Вярхоўнага Савета, Тэатра оперы і балета БССР, купалаўскага тэатра, Дома Чырвонай арміі, гарэльефа «9 Мая 1945 года» Манумента Перамогі ў Мінску і іншых.

Адзін з аўтараў Кургана Славы Савецкай Арміі (1969), мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971).

evitebsk.com

 1919 год. У газеце «Беларусь» апублікаваны верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». 

Стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі, таксама яго называюць “Ваярскі марш” ці “Ваяцкі гімн”.

wikimedia.org

1921 год. Афіцыйна адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. 

Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі.

11 ліпеня 1921 года абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ.

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзіміра Пічэта.

1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8 000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

avatars.mds.yandex.net

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Цыхун.

Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, сябра Міжнароднага камітэта славістаў.

Старшыня Камісіі ТБМ імя Ф. Скарыны (1991-1993), член Дзяржаўнай камісіі (1993-1994) па ўдакладненні правапісу беларускай мовы (старшыня Ніл Гілевіч).

Аўтар больш за 300 прац па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.

Суаўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» і «Тураўскага слоўніка».

1936 год. памёр Фердынанд Рушчыц

Беларускі мастак, педагог.

Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды.

Працаваў над кніжнай графікай: аформіў звыш 50 кніг. Аўтар дэкарацый для 15 тэатральных пастановак.

Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, Беларусі, еўрапейскіх і амерыканскіх зборах.

Браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вострабрамскай.

Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці.

wikimedia.org

1988 год. Разагнаны міліцыяй мітынг-рэквіем «Дзяды» ў Мінску.

Арганізатары – Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з А. Бяляцкім (Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), «Мартыралог Беларусі» і аргкамітэт БНФ пад кіраўніцтвам З. Пазняка. 

Асноўным акцэнтам Дзядоў было ўшанаванне памяці і адкрыццё праўды пра рэпрэсіі.

Мінгарвыканкам не даў дазволу на мітынг. Улады кінулі вялікія сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу. 

Былі задзейнічаны 600 міліцыянтаў, курсанты навучальных устаноў МУС СССР,  30 міліцэйскіх, 2 пажарных машыны.

Улады спынілі рух двух апошніх станцый метро. Пасля 14:00 каля Маскоўскіх могілках міліцыя пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Віктара Піскарова напала на дэманстрантаў, выкарыстоўвала газ «чаромха», гумавыя дубінкі. 

Былі затрыманы  72 актывісты.

1993 год. Памёр Мікалай Цішачкін

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст.

Усе жыццё прысвяціў служэнню ў Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.

Сярод роляў беларускага рэпертуару: Шкаляр, Самахвальскі («Несцерка» В. Вольскага), Тата («Зацюканы апостал» А. Макаёнка), Віктар Пятрэня («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча),  Аляксандр II («Кастусь Каліноўскі» У. Караткевіча), а такжа ролі ў пастаноўках па п’есах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, У. Шэкспіра  і іншых.

kino-teatr.ru

2022 год. Пераход на зімовы час у краінах Еўрасаюза адбываецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка – ў ноч 30 кастрычніка. 

Стрэлкі гадзіннікаў у Еўрасаюзе трэба перасунуць на гадзіну назад. 

Паколькі ў Беларусі пераход з зімовага на летні час і назад быў адменены некалькі гадоў таму назад, мінскі час будзе апярэджваць сярэднееўрапейскі на 2 гадзіны з 30 кастрычніка па канец сакавіка.

На Украіне гадзіннікі перавядуць на гадзіну назад 30 кастрычніка ў 4:00.

Цікавыя факты: Дзяржава, якая ахоплівае максімальную колькасць гадзінных паясоў – Францыя, з улікам заморскіх дэпартаментаў – 12 гадзінных паясоў.

На другім месцы па колькасці гадзінных паясоў (11) Расія.

У ЗША і Канадзе – 6 паясоў, Бразіліі – 4, Аўстраліі, Інданэзіі – па 3, Манголіі, Казахстане, Аргенціне – па 2.

А вось у Кітаі – толькі 1. Да рэвалюцыі 1949 года было 5. Зараз існуе адзіны час – пекінскі. Таму, напрыклад, у Тыбеце сонца садзіцца апоўначы.

Крок даўжынёй у 3,5 гадзіны – Афгана-кітайская мяжа. Перасякаючы гэтую мяжу, гадзіннік трэба пераводзіцца адразу на 3,5 гадзіны наперад. У свеце няма больш месца, дзе адзін крок займаў бы столькі часу.

 

Дзень у гісторыі: 18 жніўня. Нарадзіліся: Макар Краўцоў, аўтар словаў гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ды Алесь Марціновіч, укладальнік шматтомнай гісторыі Беларусі ў асобах. Гадавіна найбуйнейшай аўтааварыі ў Беларусі. У Магілёве паставілі помнік Тарасу Шаўчэнку

1848 год. Нарадзіўся Іпаліт Корвін-Мілеўскі.

Грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, доктар права.

Трымаўся ідэалаў, якія дэкларавалі «краёўцы». Гэта палітычная плынь першага дваццацігоддзя XX стагоддзя ў Беларусі і Літве, дзеячы якой – пераважна карэннае каталіцкае і польскамоўнае заможнае дваранства – сумяшчалі ў сваёй праграме аўтанамісцкія ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі. Пазней трансфармавалася ў ідэю дзяржаўнай самастойнасці зямель былога Вялікага Княства Літоўскага.

Корвін-Мілеўскі вядомы як падарожнік і заснавальнік віленскай газеты «Літоўскі кур’ер».

1891 год. Нарадзіўся Макар Краўцоў (Касцевіч).

Дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, паэт, публіцыст, перакладчык.

Аўтар слоў гімну Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Удзельнік Усебеларускага з’езду, сябра Рады БНР.

Даследчык творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ды аўтар успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху.

У канцы 1939 г. арыштаваны савецкімі органамі і паводле некаторых сведчанняў, закатаваны ў савецкай турме ў Беластоку.

1912 год. Нарадзіўся Давыд Генін.

Мастак-акварэліст, марыніст, майстар індустрыяльнага пейзажу.

Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве савецкай Беларусі. Ён аўтар шматлікіх акварэляў. Сярод іх знакамітыя “Новы Мінск”, “Краявіды Беларусі”. А таксама – паштовак з выявамі вуліц беларускіх гарадоў.

1946 год. Нарадзіўся Алесь Марціновіч.

Пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца.

Аўтар больш трох дзясяткаў кніг. Сярод іх выданняў па гісторыі для дзяцей: «Святая Еўфрасіння», «Златавуст з Турава», «Сімяон, сын Полацку», «Як Гурка ворагаў граміў».

Марціновіч займаўся літаратуразнаўчымі даследаваннямі. 

Вяршыняй творчасці з’яўляецца шматтомная гісторыя Беларусі ў асобах. Упершыню ў беларускай літаратуры праз жанр мастацка-дакументальных твораў прасочаны лёсы больш чым 300 знакамітых суайчыннікаў.

1954 год. Нарадзіўся Алесь Ксёндзаў.

Мастак-жывапісец, графік. Прафесар Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, калекцыі «Дойчэ-Банка» ў Лейпцыгу, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.

1966 год. Нарадзілася Алена Брава.

Журналістка, празаік.

Аўтар зборнікаў паэзіі, прозы, шматлікіх апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Асобныя творы перакладаліся на нямецкую, польскую мовы.

Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за кнігу «Каменданцкі час для ластавак», міжнароднай літаратурнай прэміі «Silver Bullet» выдавецтва «Franc-Tireur USA».

1991 год. Адбылася найбуйнейшая аўтамабільная аварыя.

Пад Мінскам, аўтобус прабіў жалезную агароджу, вылецеў з масту і ўпаў дахам на чыгуначнае палатно. 17 турыстаў з 28 загінулі. Прычынай аварыі названа тэхнічная няспраўнасць аўтобуса.

2005 год. У Магілёве паставілі помнік класіку ўкраінскай літаратуры Тарасу Шаўчэнку.

Стаіць на ўзбярэжжы Дняпра.

Адкрыты напярэдадні 14 гадавіны незалежнасці Украіны з ініцыятывы мясцовай украінскай грамады. 

Ідэю падтрымала пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама гандлёва-эканамічнай місія пры ўкраінскім дыпламатычным прадстаўніцтве.

У 2015 годзе невядомыя пашкодзілі былі помнік. Актывісты ўкраінскай нацыянальнай суполкі «Дніпро» звярнуліся ў міліцыю, але ці выкрылі вандалаў, невядома.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў