Міжнародны дзень мігранта (International Migrant Day, з 1990 года).
Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар прыняцця Міжнароднай канвенцыі аб абароне правоў мігрантаў і членаў іх сем’яў.
Да нападу Расіі на Украіну кожны 35-ы зямлянін быў мігрантам. Да іх дадалася амаль 8 мільёнаў з Украіны. Мігранты ёсць сярод насельніцтва ўсіх краін.
Больш за 200 мільёнаў чалавек жывуць і працуюць не ў сваёй краіне. Часта яны сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі, нягледзячы на тое, што ўзбагачаюць абшчыны, якія іх прымаюць, вопытам, ведамі і людскімі рэсурсамі.
Штогод эмігранты пераводзяць у краіны свайго паходжання 300 мільярдаў долараў. Такія пераводы з’яўляюцца для многіх краін адной з асноўных крыніц замежнай валюты і важным складальнікам іх валавога нацыянальнага прадукту.
Міжнародны дзень арабскай мовы (International Day of the Arabic Language, з 2012 года).
Заснаваны ААН «для святкавання шматмоўя і культурнай разнастайнасці, а таксама для садзейнічання раўнапраўнага выкарыстання ўсіх шасці афіцыйных моў Арганізацыі».
З 8 мільярдаў жыхароў Зямлі, арабская мова з’яўляецца роднай 310 мільёнам, другой мовай – яшчэ 270 мільёнам чалавек. Гэта афіцыйная мова ААН.
Дзень Савы (народны каляндар).
Міколін бацька. «Сава мосьце, а Мікола цвікі забівае».
Даўней на Саву надвор’е даведваліся не выходзячы з хаты: чырвоны агонь у печы ды дровы трашчаць, на двары сцюжа лютая.
Калі дым слупам – да марозу, калі дым поцягам – да непагадзі, калі дым без ветра б’е да зямлі – чакай снягі.
З Савы ўсталёўваецца трывалы санны шлях і нельга лаяцца таму гаспадару, у каго ёсць конь.
На дзень Савы працаваць грэх, святога пакрыўдзіш.
1542 год. Памёр Станіслаў Гаштольд.
Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, ваявода новагародскі, троцкі.
Быў жанаты на Барбары Радзівіл, якая пазней стала жонкай караля Жыгімонта II Аўгуста.
Са смерцю Станіслава род Гаштольдаў згас. Родавыя маёнткі перайшлі да вялікіх князёў літоўскіх, на іх аснове былі створаны Трабскае, Радашковіцкае, Валожынскае і Любчанскае староствы.
Паводле М. Улашчыка, найбольш верагодны ініцыятар стварэння легендарнай гісторыі пра пачаткі ВКЛ, запісанай у беларуска-літоўскіх летапісах.
Фота: Герб Гаштольдаў
1842 год. Створана Ковенская губерня.
У яе ўвайшлі паветы Віленскай губерні з пераважна балтамоўным сялянскім насельніцтвам. Губерня існавала да 1917 года і мела неафіцыйную назву «Самагіція» («Жамойць», «Жмудзь»).
Мела плошчу 40 641,36 км². У склад гэтай адзінкі ўваходзіла 7 паветаў, у тым ліку Новааляксандраўскі, які да 1836 года меў назву Браслаўскі. Зараз на частцы павета знаходзіцца Браслаўскі раён Віцебскай вобласці.
1882 год. Пачалі працаваць першыя на Беларусі тэлефонныя лініі.
Яны запрацавалі ў Гомелі і злучылі гомельскі маёнтак князя Ф. Паскевіча з яго палацам, фабрыкамі і фальваркамі. Гэта адбылося праз 6 гадоў пасля атрымання патэнту А. Бэлам на вынаходніцтва тэлефона (1876).
У Мінску першая тэлефонная станцыя пабудавана ў 1890 годзе на вуліцы Губернатарскай (зараз Леніна). Першая міжгародная сувязь з’явілася толькі ў 1908 годзе паміж Мінскам, Смалявічамі і Барысавам.
Есць непадцверджаныя даныя, што першы телефон з’явіўся ў Магілёве ў 1878 годзе. Але, у энцыклапедычным даведніку “Магілёў” (1990) даецца дата – 1905 год.
1883 год. Нарадзіўся Мікалай Бонч-Асмалоўскі.
Беларускі і расійскі савецкі мастак і расійскі мастак-манументаліст, жывапісец, графік.
Паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Аўтар жанравых, пейзажных («Мінск. Рака Свіслач»), партрэтных прац, працаваў у жанры ню. Вынаходнік запатэнтаваных новых відаў фарбаў.
Займаўся і кніжнай ілюстрацыяй. У яго афармленні выйшла некалькі твораў класікаў рускай літаратуры: «Дэман» М. Ю. Лермантава, а таксама казкі А. Пушкіна і П. Яршова. Займаўся сцэнаграфіяй.
Вядомы яго эскізы да опер А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава, А. Сярова.
У 1936 годзе рэпрэсаваны НКУС. Знаходзіўся ў Сегежлагу, у сібірскай ссылцы.
Карціны мастака прадстаўлены ў Траццякоўскай галерэі, мастацкім музеі імя А. Пушкіна.
Памёр 23 жніўня 1968 года.
1917 год. У Мінскім гарадскім тэатры распачаўся Першы Усебеларускі з’езд.
Праходзіў 18 снежня па новым стылі, 5-га па старым. Прысутнічала 1872 дэлегаты пераважна сацыялістычнай арыентацыі ад усіх населеных беларусамі губерняў.
З’езд абвясціў права на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду, прызнаў савецкую ўладу, рэспубліканскі лад, цэнтральны ўрад бальшавікоў у Маскве. Патрабаванняў незалежнасцi Беларусі не агучвалася.
Былі абраны Рада Кангрэсу і Выканаўчы Камітэт, утвораны Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў.
Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.
Рада сышла ў падполле. На адным з падпольных пасяджэнняў быў выбраны Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.
31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.
1928 год. Нарадзіўся Эдуард Загарульскі.
Беларускі гісторык, археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар. Заслужаны работнік вышэйшай школы.
Даследчык гісторыі старажытных гарадоў, замкаў і курганных магільнікаў перыяду ранняга і развітога Сярэднявечча, этнічнай гісторыі Беларусі і праблем паходжання і рассялення славян.
Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, БДУ, загадчыкам кафедры археалогіі, дэканам гістарычнага факультэта
Падчас раскопак Мінска даследаваў яго абарончыя збудаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсходняй часткі замчышча і жылых будынкаў, даследаваў раннефеадальны замак Вішчын, пры раскопках якога выяўлены ўнікальны на тэрыторыі Беларусі грашова-рэчавы скарб XII-XIII стагоддзяў.
Аўтар звыш 100 навуковых работ, у тым ліку 10 манаграфій і брашур.
1935 год. Памёр Альбрэхт Антоні Радзівіл.
Палітычны дзеяч, шаснаццаты нясвіжскі ардынат. Палітычны дзеяч, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў». Падтрымліваў БНР.
Прыхільнік беларускай нацыянальнай ідэі, выдатна ведаў беларускую мову. Сябе вызначаў як «тутэйшы».
Падчас Першай сусветнай вайны дазволіў на тэрыторыі Нясвіжскага замка размясціць шпіталь, штаб 2-й рускай арміі. Арганізатар у Нясвіжы з’езда Радзівілаў (1915), на якім было вырашана фінансаваць стварэнне польскіх вайсковых часцей у расійскай арміі.
У 1926 годзе на яго жыццё зрабіў замах з засады будучы Герой Савецкага Саюза і старшыня кіраўскага калгаса “Рассвет” Кірыл Арлоўскі.
З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці. Фінансава падтрымліваў школы, студэнтаў, артыстаў, касцёлы. Займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка
Пахаваны ў радавой спачывальні.
У дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з Радзівілам. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі, кіраўнікоў іншых дзяржаў.
1969 год. Памёр Пятро Глебка.
Беларускі грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, драматург, перакладчык. Акадэмік АН БССР. К. Чорны пісаў: “Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі… Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам”.
Узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка», інстытуты мовазнаўства, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.
2019 год. У Магілёўскай вобласці адноўлены рэкорды па станоўчых тэмпературах:
Магілёў +6°С (да гэтага рэкорд +5,2°С 18 снежня 1972),
Бабруйск +6,7°С (+5,8°С, 2011 год),
Горкі +5,3°С (+4,7°С, 1932 год),
Мсціслаў +5,7°С (+4,2°С, 2011 год),
Слаўгарад +6,1°С (+5,4°С, 1972 год).