У цэнтры горада на Касцерні пасля рамонта адкрылася аўтазапраўка, якую зачынялі ў канцы лета. Скандальная запраўка каля плошчы Арджанікідзэ прайшла рамонт і рэбрэндынг. Цырымонія адкрыцця прайшла без помпы, але крыху ўрачыста, з выкарыстаннем беларускай мовы, удзяржаўных і нацыянальных колерах.
Па амаль што бел-чырвона-белай дарожцы, хоць і ў акружэнні чырвона-зялёных шарыкаў, першыя пакупнікі прайшлі ў кавярню і гандлёвы маркет, зрабілі набыткі і атрымалі падарункавыя сертыфікаты.
“Заўжды ЦІКАVА” – новы вобраз Беларуснафты. У чэрвені 2018 года кампанія зарэгістравала свой новы брэнд пад назвай “ЦIKAVA”. Ён быў спецыяльна распрацаваны для кавярняў і крам, якія ўваходзяць у АЗС кампаніі.
Раней на запраўках Беларуснафты вадзіцелі і пасажыры маглі толькі перакусіць, выпіць каву і з’есці ў асноўным хот-догі. Цяпер на АЗС маюцца кафэ – крамы з больш шырокім спектрам фаст-фуду, а на некаторых з іх маюцца стравы ад шэфповара.
Маркетолагі вырашылі спалучыць англійскае і беларускае гучанне асноўных напояў вадзіцеляў аўтамашын. У выніку чай (гарбата) і кава сталі асновай новага брэнда. Семантыка слова “ЦІКАVА”, як тлумачаць маркетолагі, ідзе ад “tea” (па англійскі гучыць як “ці”), а кава дадае нацыянальнага каларыту. Гэты інтэрнацыянальны брэнд быў задуманы як запамінальны і яркі вобраз, які выконвае камунікатыўную функцыю і з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснай, пазнавальнай АЗС.
Злучэнне вымаўлення назвы брэнда з беларускай мовай утварае цёплае і хатняе стаўленне да брэнда большасці наведвальнікаў нашых аўтазаправачных станцый, якое заснавана на любові да роднай зямлі. Для замежных гасцей стаўленне да брэнда ЦІКАVА асацыюецца, як дачыненне да прадукту беларускага рынку. І гэта, у сваю чаргу, павышае канкурэнтаздольнасць і прывабнасць брэнда – лічаць супрацоўнікі кампаніі.
Раней каля Магілёва рамонт і рэбрэндынг быў зроблены на тэрыторыі Магілёўскага раёна на 7-й аўтазапраўцы па Чавускай шашы, і вось цяпер першай у Магілёве рэканструявана 99-я запраўка. Знаходзіцца сучасная электра- і паліўная запраўка ў гістарычным цэнтры горада – на знакамітай Касцерні – скрыжаванні завулка Пажарны, вуліц Карла Маркса і Боткіна.
У новай кавярні маецца некалькі копій гістарычных краявідаў Магілёва. Гэта невыпадкова. Мяркуецца, што, зазірнуўшы ў “ЦІКАVА”, наведвальнік не толькі адпачне, але і атрымае інфармацыю пра цікавыя і прыгожыя месцы ў Беларусі, за кубкам напою распрацуе свой турыстычны маршрут па краіне.
Першым наведвальнікам, здаецца, усё спадабалася, але яны адзначылі пэўны дысананс. Справа ў тым, што за выключэннем беларускамоўнага брэнда ўсё астатняе – указальнікі, назвы страў, чэкі рускамоўныя.
Фота: mogilev.media