Прыродныя катаклізмы ў свеце і надвор’е ў Магілёўскай вобласці

У Аймяконе -60ºС: дзіцячыя садкі працуюць штатна. Град пабіў людзей у Балівіі. Паводкі у Афрыцы, цыклон ў Індыі.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці захаваецца галаледзіца. У чацвер-суботу, 15-17 снежня, дзённыя тэмпературы будуць у дыяпазоне 0 -2º, у начы ад -5º да -12…-14 º С. Чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе снега. У чацвер, 15 снежня магчымы вятры хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 17 м/с.

А вось, ужо ў нядзелю, 18 снежня, перад Зімовым Міколам, уночы нас чакае рэзкае паніжэнне тэмператур да -22…-24ºС, – папярэджваюць сіноптыкі.  

Полюс холаду

Нашы прагназуемыя начныя тэмпературы ў -22 º, гэта у 3 разы цяплей, чым удзень у якуціі Аймяконе – 12 снежня тут зафіксавалі 60 градусаў марозу, паведамляецца на сайце Якуцкага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. А ў  райцэнтры Аймяконскага раёна пасёлку Усць-Нера ў гэты ж час тэмпература склала -54ºС. Школьнікаў адправілі на дыстанцыйнае навучанне, а дзіцячыя садкі працуюць штатна: «1010 дзяцей сёння [застаюцца] дома».  

Аймякон –  адзін з вядомых полюсаў холаду ў Якуціі.

На права называцца самай халоднай кропкай паўночнага паўшар’я Зямлі прэтэндуюць два населеныя пункты Якуціі – Верхаянск і Аймякон, дзе фіксаваліся тэмпературы ніжэйшыя за -67 ºС.

Тэмпературу ў −67,8°C у 1885 годзе зафіксаваў ссыльны рэвалюцыянер-народнік, ураджэнец Магілёўшчыны Сяргей Кавалік (1846-1926).

Паводкі ў сталіцы Конга Кіншасе забралі жыцці 50 чалавек.

Моцныя дажджы выклікалі смяротныя паводкі і апоўзні, паведамляе Reuters. Цэлыя раёны былі затоплены бруднай вадой, а на асфальце ўтварыліся варонкі. Па сведчанні паліцыі, колькасць загінуўшых можа ўзрасці.

Кіншаса – сталіца Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, найбуйнейшы мегаполіс Афрыкі з насельніцтвам каля 15 млн чалавек – утварылася на месцы рыбацкіх вёсак на беразе ракі Конга. Урбанізацыя зрабіла горад неабароненым для раптоўных паводак пасля інтэнсіўных дажджоў, якія сталі частымі з-за змены клімату.

 

Град забіў 7 чалавек на выпускным вечары ў Балівіі

У выніку абвальвання даху школы падчас моцнага граду ў вёсцы на высакагорных раўнінах Балівіі загінулі 7 чалавек, якія прысутнічалі на выпускной цырымоніі, паведамляе Terrace Standard. 

Трагедыя адбылася ў вёсцы Сант’яга-дэ-Пачарыя за 100 км ад Ла-Паса. У мінулыя выходныя большая частка Балівіі перажыла праліўны дождж, які часта выпадае ў выглядзе граду ў горных раёнах.

 

На поўдні Індыі цыклон “Мандус” забіў 4 чалавекі і разбурыў 185 дамоў

На паўднёвы індыйскі штат Тамілнад на мінулым тыдні абрынуўся цыклон “Мандус”, – паведамляе Reuters. 

Ураган вырваў з коранем 400 дрэў у сталіцы штата Чэнаі, цэнтры аўтамабільных і тэхналагічных кампаній. Моцны дождж і ўраганны вецер нанеслі ўрон маёмасці і выклікалі перабоі ў падачы электраэнергіі. Ужо вядома аб 4 ахвярах і разбурэнні 185 дамоў.

Звыш 9 000 чалавек былі эвакуіраваны і размешчаны ў 201 лагеры дапамогі.