Жанчына была дастаўлена ў бальніцу з ранамі канечнасцяў і тулава пасля “шматлікіх укусаў”. Раней у гэтым месяцы на васьмігадовага хлопчыка напалі на пляжы, а ў чэрвені дзінга зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка – піша Guardian.
Раніцай у панядзелак 17 ліпеня тры сабакі дзінга напалі на 24-гадовую дзяўчыну, калі яна бегала на пляжы Архідэя на паўночным усходзе выспы Кгары, што раней насіла імя Фрэйзера. Дзяўчыне прыйшлося забегчы ў ваду, спрабуючы выратавацца ад іх.
Двое мужчын на пікапе ўбачылі інцыдэнт і кінуліся ў акіян, каб дапамагчы дзяўчыне. Яны паклалі параненую ў заднюю частку свайго аўтамабіля і адвезлі яе ў бяспечнае месца. Потым яе даставілі ў шпіталь горада Харві-Бэй, на кантыненце, верталётам.
Нягледзячы на рост колькасці нападаў сабак дзінга на выспе Кгары, мясцовыя рэйнджары гнеўна адхіляюць заклікі знішчыць папуляцыю ў гэтым папулярным турыстычным месцы. Востраў Кгары ўнікальны тым, што гэта самы вялікі пясчаны востраў на планеце, а таксама ён знакаміты сваімі “вісячымі азёрамі”. На выспе знаходзіцца каля 40 прэсных азёр, якія размяшчаюцца вышэй за ўзровень акіяна. Выспа ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як непаўторны прыродны помнік.
“Выбракоўка [дзінга] ў сітуацыі на К’гары не з’яўляецца варыянтам. – расказала выданню Лінда Берэндорф, адказны наглядчык на выспе – Наша задача мінімізаваць рызыкі.”
Прынамсі адна з жывёл у зграі, што атакавала дзяўчыну, была аднесена да групы рызыкі і мае нашыйнік з прыладай для адсочвання руху і паводзін.
“Гэта жывёла з патэнцыялам высокай рызыкі. – ахарактарызавала сабаку Берэндорф. – Адзін з дзінга, якога мы ідэнтыфікавалі, удзельнічаў у папярэднім інцыдэнце.”
Раней у гэтым месяцы сабакі дзінга напалі на пляжы на васьмігадовага хлопчыка, а ў чэрвені яны зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка. Яго ўдалося выратаваць, калі ўмяшалася яго 12-гадовая сястра.
У мінулым месяцы рэйнджары таксама ўсыпілі аднаго дзінга пасля некалькіх месяцаў нападаў, падчас якіх сабака ўкусіў сямігадовага хлопчыка і 42-гадовую жанчыну.
Рэйнджары звязваюць рост колькасці нападаў з ростам колькасці людзей, якія ігнаруюць абмежаванні на кармленне і ўзаемадзеянне з жывёламі. Паводле ацэнак, на востраве пражывае ад 100 да 200 дзінга.
Фота: Adam Benko/Getty Images/iStockphoto