Дэльфіны і цюлені гінуць з-за расійскіх ракетных атак па Ўкраіне (увага, жорсткія фота)

Знаходка целаў двух з паловай тысяч мёртвых цюленяў на беразе Каспійскага мора ўсхвалявала эколагаў усяго свету. Выказанае mogilev.media меркаванне пра сувязь трагедыі з пускамі расійскіх ракет знаходзіць усё новыя пацверджанні з розных крыніц. 

Загінулі тысячы чарнаморскіх дэльфінаў.

З вясны ўкраінскія эколагі пачалі паведамляць пра нябачную для мірнага часу колькасць знаходжання целаў чарнаморскіх дэльфінаў. Пра тое, што дзікая прырода Чорнага мора адчувае на сабе жорсткасць вайны mogilev.media са спасылкай на ўкраінскія крыніцы пісалі яшчэ ў чэрвені. Тады былі знойдзены не менш за 3 тысячы памерлых дэльфінаў. 

Прычынай смерцяў дэльфінаў лічыліся магутныя выбухі ў моры, якія разбураюць тонкую рэхалакацыйную навігацыйную сістэму жывёл. А «сляпыя» дэльфіны паміралі ад голаду і інфекцыйных захворванняў. 

Доктар біялагічных навук, кіраўнік Навукова-даследчага аддзелу прыроднага парка «Тузлоўскія ліманы» Іван Русеў казаў, што паведамленні аб гібелі дэльфінаў паступалі з Балгарыі, Румыніі. 

images.unian.net

 

З-за замоўчвання гэтай праблемы расійскім бокам, які кантралюе ўсё крымскае ўзбярэжжа, факт не выходзіў на першыя старонкі сусветных СМІ. Да таго ж даказаць непасрэдную сувязь узрослай смяротнасці дэльфінаў з баявымі дзеяннямі тады было цяжка. 

Пагібель тысяч каспійскіх цюленяў. 

Паведамленні пра пагібель двух з паловай тысяч каспійскіх цюленяў выклікала вялікі рэзананс. Прычынай масавай гібелі млекавых расіяне называлі натуральныя прычыны: штормы, газавыя выкіды і г.д. 

Але прычынай катастрофы маглі стаць пускі расійскіх ракет з акваторыі Каспійскага мора. Як ужо паведамлялася, кожны пуск ракеты суправаджаецца выкідам вялікага аб’ёму прадуктаў згарання ракетнага паліва, а атрутныя парэшткі могуць уплываць на цюленяў. 

Цяпер, як кажуць, пазлы склаліся. У звязку з гібеллю дэльфінаў версія гібелі цюленяў ад расійскіх ракет з магчымай пераходзіць у разрад найбольш верагоднай, бо млекавыя пачалі масава выміраць як у Чорным, так і ў Каспійскім марах менавіта пасля пачатку вайны. 

Дзеля разумення сур’ёзнасці праблемы, трэба ўзгадаць, што чалавек таксама адносіцца да млекакормячых – цеплакроўных пазваночных жывёл. Калі атрутныя парэшткі паліва так уплываюць на нашых братоў, то вельмі верагодна, што і для чалавека яны вельмі шкодныя. 

Чаму менавіта з мора здзяйсняюцца пускі ракет?

Па інфармацыі генеральнага штабу Расійскай арміі запускі па ўкраінскіх гарадах расійскіх ракет на цвёрдым паліве здзяйсняліся з акваторыі Каспійскага і Чорнага мораў. 

Адказ на пытанне пра прычыны выбару такога месца пускаў ракет даў вядомай публіцыстцы Юліі Латынінай украінскі эксперт па ракетах Раман Світан. Аказваецца, расійская армія з-за недахопу новых высокадакладных ракет выкарыстоўвае іх старыя яшчэ савецкія мадыфікацыі, якія павінны былі быць спісаны яшчэ дзесяцігоддзі таму. 

З-за састарэласці ракет Х-55 амаль палова іх, па дадзеных разведак заходніх краін, падае ў мора, бо ў іх пасля аддзялення ад самалётаў банальна не спрацоўвае механізм запальвання рухавікоў. 

Трапляючы ў мора ракеты забруджваюць яго як сваім палівам, так і выбухаючы пры спрацоўванні механізмаў самаліквідацыі ракет. Магчыма, прычына вымірання цюленяў ва ўранавай процівазе, якая выкарыстоўваецца ў крылатых ракетах.

Менавіта таму расіяне і пускаюць ракеты з далечыні Каспійскага мора, каб састарэлыя ракеты не падалі на расійскія гарады і вёскі. У выніку, удар расійскага ракетнага хламу на сябе прынялі каспійскія цюлені.

Масавую пагібель цюленяў Каспійскага мора маглі выклікаць расійскія ракетныя абстрэлы Украіны

На беразе Каспійскага мора знойдзены целы каля двух з паловай тысяч мёртвых цюленяў. Эксперты ўсяго свету спрачаюцца пра прычыны самай маштабнай пагібелі нерпаў за апошнія дзесяць гадоў.

Памеры іх пагібелі ўражваюць. Толькі за апошнія дні на дагестанскім узбярэжжы Каспійскага мора знойдзены некалькі тысяч мёртвых цюленяў (гэтыя жывёлы таксама вядомыя як каспійская нерпа). Загінулі яны недзе два тыдні таму. 

Каспійская нерпа з’яўляецца адзіным сысунам Каспійскім моры. Яна сілкуецца пераважна рыбай і не мае натуральных ворагаў. Агульная колькасць папуляцыі каспійскай нерпы складае ад 270 тыс. да 300 тыс. асобін.

Прычыны вымірання

Расійскае рэгіянальнае міністэрства прыроды супакойвае грамадства і паведамляе, што экалагічная трагедыя звязана з натуральнымі фактарамі. Тым не менш, сусветная супольнасць разглядае некалькі версій трагедыі на Каспіі. 

Гвалтоўная смерць ад рэшткаў рыбалоўных сетак. Аднак іх парэшткаў на целах нерпаў не выяўлена. 

Выкіды прыроднага газу сапраўды маглі стаць прычынай вымірання цюленей. Для басейна Каспійскага мора характэрны розныя нафтавыя і газавыя праявы. Але яны не былі зафіксаваны. 

Працяглыя штармы таксама маглі стаць магчымай прычынай гібелі цюленяў. Хаця з іншага боку, штармы для марскіх жывёл – звычайная справа. А неверагодна працяглымі ў апошні месяц яны не былі.   

Гіпотэза аб інтаксікацыі нерпаў цяжкімі металамі або пестыцыдамі, калі верыць расійскім крыніцам, нібыта не пацвярждаецца станам унутраных органаў даследаваных цюленяў.  

Запускі ракет з акваторыі Каспійскага мора як прычына смерці цюленяў усяляк замоўчваецца ў расійскіх пабліках. А менавіта ракетныя запускі па ўкраінскім энергетычным аб’ектам дзіўным чынам супадаюць з масавай смерцю цюленяў. 

Даведка:  Кожны пуск ракеты суправаджаецца выкідам вялікага аб’ёму прадуктаў згарання ракетнага паліва, у тым ліку аксідаў азоту і аксідаў вугляроду. Пры пусках цвёрдапаліўных ракет дадаткова ўтвараюцца хлоравадарод, хлор і аксід алюмінію. Падчас працы ракетных рухавікоў у атмасферу могуць пападаць і іншыя небяспечныя рэчывы, уключаючы атамарны вадарод. І ў той час, як прадукты згарання вадкага ракетнага паліва ўтрымліваюць да 95% біялагічна нейтральных кампанентаў, то прадукты згарання цвёрдага паліва нейтральны толькі на 15-25%. 

 

Па інфармацыі генеральнага штабу Расійскай арміі менавіта запускі па ўкраінскіх гарадах расійскіх ракет на цвёрдым паліве здзяйсняліся з акваторыі Каспійскага мора. Гэтыя пускі па часе супадаюць з часам вымірання нерпаў.