Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) адмяніла статус пандэміі і надзвычайнай сітуацыі ў гэтай сферы з-за каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Пра гэта аб’явіў генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі Тэдрас Аданам Гебрэесус, паведамляе news.pn.
– COVID-19 перавярнуў наш свет з ног на галаву. СААЗ паведаміла пра амаль 7 мільёнаў смерцяў, але мы ведаем, што колькасць ахвяр у некалькі разоў вышэйшая – сама меней 20 мільёнаў – сказаў ён падчас свайго выступу.
Па словах Гебрэесуса, камітэт арганізацыі па надзвычайных сітуацыях напярэдадні рэкамендаваў яму аб’явіць аб спыненні глабальнай надзвычайнай сітуацыі ў сферы аховы здароўя, і ён прыняў гэтую прапанову.
Нагадаем, што 31 снежня 2019 года СААЗ упершыню праінфармавала грамадскасць аб рэгістрацыі выпадкаў пнеўманіі ад невядомага ўзбуджальніка. У цэлым па свету смяротнасць ад COVID-19 ацэньваецца ў 5,85%. Летальнасць сярод гаспіталізаваных вар’іруецца ад 4% да 11%.
Усяго на 5 мая 2023 года перахварэла на COVID-19 каля 688 мільёнаў жыхароў Зямлі, выздаравела каля 660 мільёнаў, працягвала хварэць каля 21 мільёна з 8,03 мільярда зямлян.
Фота з адкрытых крыніц