Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Аляксей Мацявін
Асуджаны на паўтары гады пазбаўлення волі.
Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі допісы ў сацыяльных сетках. Яго абвінавацілі ў знявазе Лукашэнкі. Справу разглядаў суддзя Першамайскага раёна Віцебска Юрый Урбан.
Раман Карпук
Асуджаны на тры гады калоніі.
Паводле праваабаронцаў, Карпук апынуўся пад крымінальным пераследам за рассыланне лістоў чальцам выбаркамаў з заклікам сумленна лічыць галасы.
Яго абвінавінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў ажыццяўленню выбарчых правоў і праве на ўдзел у рэферэндуме.
Аляксей Качанаў
Асуджаны на 1 год і 4 месяцы калоніі, але яго вызвалілі ў залі суду, бо ён адбыў тэрмін пакарання, знаходзячыся ў следчым ізалятары.
Паводле праваабаронцаў, Качанаву інкрымінавалі «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне варожасці». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў каментар «па справе Зельцэра».
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Ігар Банцэр
Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Праваабаронцы пішуць, што Банцэру прысудзілі яшчэ 15 дзён, калі ён адбываў у ізалятары папярэдняе пакаранне. Яго прызналі вінаватым у “распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Банцэр ужо адседзеў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») за хуліганства, бо ў верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.
Падчас суду трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.
Дар’я Рэут
Віцэ-Місіс свету-2017 затрыманая.
Пра тое даведаліся праваабаронцы з праўладных тэлеграм-каналаў. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў жаночай акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года. Яна ішла ходнікам у групе жанчын з кветкамі.
У Рэут ёсць непаўналетні сын.