Міністэрства адукацыі, навукі і спорту прапануе з 2025 года больш не праводзіць дзяржаўны іспыт на атэстат сталасці па рускай мове як другой замежнай – паведамляе Atvira Klaipėda.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Дзяржаўныя іспыты на атэстат сталасці будуць праводзіцца толькі па першых замежных мовах: англійскай, нямецкай, французскай.
«Цяпер вучні могуць здаваць экзамен на атэстат сталасці па першай замежнай мове. Экзамены па другой замежнай мове не праводзіліся, за выключэннем рускай мовы. Мы лічым, што не павінна стварацца асаблівых умоў толькі для адной другой замежнай мовы. Таму мы прапануем не праводзіць больш іспыт па рускай як замежнай. Акрамя таго, рускамоўныя краіны не з’яўляюцца прыярытэтнымі ў вучобе або прафесійнай сферы, каб гэту мову трэба было б вылучаць з іншых другіх замежных моў. Вельмі важна забяспечыць, каб вучні вывучылі мову ЕС – англійскую, нямецкую, французскую – на ўзроўні не ніжэй В2», – кажа віцэ-міністр адукацыі, навукі і спорту Рамунас Скаўджус.
Віцэ-міністр паліткарэктна абышоў праблему выкладання рускай мовы, як мовы краіны-акупанта, тым больш, што выкладанне яе захаваецца ў рускіх нацыянальных школах.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
mogilev.media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар