Касцюковічы адзначаюць юбілей – знаёмімся з горадам

У чымсьці пікантны, у чымсьці панылы гарадок з паўтысячагадовай гісторыяй. Знаёмімся з райцэнтрам, у якім пераплялася незнакамітая мінуўшчына з  яўрэйскай гісторыяй і сучаснае сяброўства з  нямецкім Дзіцэнбахам. 

Сёлета Касцюковічы адзначаюць круглую дату – 515 год з часу заснавання.

Першы пісьмовы ўспамін пра сяло Касцюкова ў Лучыцкай воласці датуецца 1508 годам. Тады паселішча ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства. У 1730-я гады ў Касцюковічах было 35 дымоў. 

Пад 1739 годам яны ўпамінаюцца як прыватнаўласніцкае мястэчка менскага гараднічага Ю. Іваноўскага. У гэты час тут дзейнічалі 2 царквы.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Касцюковічы апынуліся ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. Маёнтак знаходзіўся ў валоданні заможнага роду Цеханавецкіх. 

Паступова насельніцтва пачынае расці. Калі ў 1800 годзе ў Касцюковічах было 88 двароў, то праз паўстагоддзі ўжо 224 двары. У гэты час Касцюковічы набылі вядомасць коннымі кірмашамі, тут працавала 14 крамаў. Адзначым, што ў 1826 годзе ў мястэчку адкрылася павятовае вучылішча.   

На 1880 год у мястэчку было 327 двароў, дзейнічалі царква (мураваная) і сінагога (драўляная), працавалі 7 скураапрацоўчых майстэрняў, прыёмны пакой, паштовая станцыя, царкоўнапрыходская школа, 3 малітоўныя школы, аптэка, штогод праводзіліся 2 кірмашы.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Касцюковічах працавалі броварны завод, 8 гарбарных майстэрняў, царкоўнапрыходская школа, бальніца і аптэка; дзейнічалі 2 цэрквы і сінагога, а таксама штогод праводзіліся 2 кірмашы. У мястэчку ў гэты час налічвалася 411 двароў. У ім працавалі 2 пенькатрапальныя, 6 скураапрацоўчых, 5 маслабойных, 2 абараначныя прадпрыемствы, вадзяны млын, сукнавальня, 3 крупадзёркі, 20 ганчарняў, 5 кузняў, 104 крамы, 3 заезныя двары, 3 карчмы і нават хлебазапасны магазін. 

У даваенныя гады ў Касцюковічах развівалася перапрацоўчая прамысловасць. А ў 1930-х гадах быў узведзены будынак ільнокамбіната, цагельні, швейнай фабрыкі. Сёння ў Касцюковічах функцыянуюць перапрацоўчыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх вядома не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі.

Касцюковічы адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, які значна вырас ужо пасля распаду СССР. Рост пачаўся ў канцы 80-х разам з пачаткам будаўніцтва прадпрыемства па выпуску цэменту і працягнуўся да пачатку 2000-х, затым колькасць гараджан некалькі знізілася і адносна стабілізавалася. Цяпер у горадзе налічваецца 15,2 тысячы жыхароў. Вядома, уся дэмаграфія цалкам залежыць ад патрэб у працоўных руках прадпрыемства-гіганта – Беларускага цэментнага завода. У дадзены момант яно дае працу 2,5 тысячам чалавек, прыкладна кожнаму чацвёртаму жыхару райцэнтра працаздольнага ўзросту.

Кінатэатр, нудны цэнтр

Касцюковічы з’яўляюцца адным з самых аддаленых гарадоў краіны, але не самым ўсходнім райцэнтрам. У горадзе можна выдзеліць стандартны набор кварталаў для населенага пункта: прамзона, прыватны сектар, раён вакзала (Камунары) і досыць нудны цэнтр горада. 

У цэнтры Касцюковіч знаходзіцца будынак гасцініцы, які радуе вока, а побач з ім лакалізуецца пляцоўка, дзе намешнага ўсяго патрошку: сцэна з лозунгам “Квітней, Беларусь!”, ідэалагічныя банэры, фантан і лаўкі. Выглядае такая пляцоўка трохі безгустоўна. 

Праз дарогу ад гасцінічнага комплексу размешчаны шараговы будынак мясцовага райвыканкама і вялікі помнік правадыру пралетарыята.

У цэнтры горада знаходзіцца таксама кінатэатр “Юнацтва”, які досыць густоўна аформлены, а яшчэ Дом рамёстваў, размешчаны ў старым будынку першай паловы ХХ стагоддзя.

Цэнтральная частка райцэнтра забудавана капітальнымі 2–5-павярховымі дамамі, у паўночнай частцы жылы квартал з 2–4-павярховых дамоў. 

Ужо ў сучасным горадзе сфарміраваліся новыя пяці- і сяміпавярховыя раёны. Самы вялікі спальны раён горада – Маладзежны, які з’яўляецца сапраўдным заапаркам розных будаўнічых праектаў і мадыфікацый.

Апантанасць камянямі 

Па ўсіх Касцюковічах размешчана каля дзясятка камянёў, прычым практычна кожны з іх памятны. Некаторыя выглядаюць як сапраўдныя велічныя валуны, вялікія і неабдымныя. 

Як правіла, на памятных камянях выгравіраваны надпіс ці прымацавана мармуровая пліта з тэкстам ці малюнкам. Асабліва варта адзначыць два валуна, прысвечаных 400-годдзю і 500-годдзю горада, пастаўленыя з прамежкам у 16 гадоў. Валун, прысвечаны 400-годдзю знаходзіцца на прыступчатым пастаменце і паўстаўлены ў невялікім гарадскім парку ў 1992 годзе.

На адной з цэнтральных вуліц горада размешчаны вялікі камень, які паставілі з нагоды 500-годдзя Касцюковічаў у 2008-м. На валун прымацавалі дошку з датай, арнаментам і сімволікай  горада. Прычым і ў гэтым выпадку для каменя чамусьці зрабілі цэментную падстаўку.

Камяні адлюстроўваюць змену з вызначэннем даты заснавання паселішча. У 1992 годзе святкавалі 400-годдзе, бо адносілі першы летапісны ўспамін пра Касцюковічы да 1592 года, а вось у 2008 годзе святкавалі ўжо 500-годдзе, бо заснаванне горада пачалі адносіць да 1508 года. 

На ўваходзе ў мясцовую гімназію знаходзіцца камень, што пастаўлены з нагоды заснавання раённай гімназіі ў 2006 годзе. 

Камень з выбітым на ім надпісам знаходзіцца і пры ўваходзе ў сквер 60-годдзя Вялікай Перамогі.

У горадзе рамешчана Алея Дружбы, якая злучае Касцюковічы і нямецкі горад-падбацім Дзіцэнбах. Яна была закладзена ў 2006 годзе. Адзначым, што ў 1997 годзе было заснавана «Кола сяброў Касцюковічы-Дзіцэнбах», а ўжо ў 2009 годзе ў Касцюковічах падпісалі Пагадненне аб парадненні паміж гарадамі.

Адметна, што Алея Дружбы пачынаецца таксама памятным каменем, які пазначае пачатак сімвалічай гарадской лакацыі.  

Будынкі XIX–пачатку XX стст., яўрэйскія могілкі і праваслаўная царква

Асаблівую прыгажосць надаюць гораду будынкі XIX – пачатку XX стагоддзяў, што некалі ўяўлялі сабой шараговую забудову. Калі прагуляцца па вуліцах горада і крыху пафантазіраваць, то можна ўявіць, як выглядаў горад сто гадоў таму. 

Старая забудова, якая налічвае паўтары дзясяткі розных па стылю старых будынкаў, захавалася няблага. Цяпер старыя будынкі выкарыстоўваюцца па-рознаму: у некаторых размешчаны гандлёвыя кропкі, аднак палова гістарычных аб’ектаў не выкарыстоўваюцца альбо знаходзяцца ў закінутым стане. 

Гарадской адметнасцю з’яўляюцца і яўрэйскія могілкі, бо Касцюковічы ў канцы ХІХ стагоддзя ўяўлялі з сябе яўрэйскае мястэчка, у якім жыло дзве тысячы іўдзеяў, а гэта было больш за палову насельніцтва паселішча – 65%. Праўда, яшчэ ў даваенны час пры савецкай ўладзе колькасць яўрэяў Касцюковічаў стала нязменна скарачацца і напачатку вайны іўдзейскае насельніцтва складала менш за 40%.

Сёння на яўрэйскіх могілках знаходзяцца розныя тыпы пахаванняў і рознага часу: ад ХІХ стагоддзя да сённяшняга часу.

Галоўным сакральным аб’ектам горада з’яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, якая была пабудавана ў 1999 годзе і з’яўляецца славутасцю Касцюковічаў. Цікава, што яна пабудавана на месцы цаглянага храма 1835 года. 

Прасавлаўная цагляная царква 1830-х дзейнічала больш за 90 гадоў, аднак ў 1929 годзе ў час антырэлігійнай палітыкі савецкай улады храм быў закрыты, а святар быў рэпрэсаваны і высланы ў Сібір. Праз чатыры гады, у 1933 годзе, храм быў узарваны. 

Станцыя Камунары і чырвона-зялёная рытуалка

Касцюковічы размешчаны на чыгунцы Крычаў – Унеча, але сама станцыя называецца Камунары. Для Беларусі падобная з’ява рэдкая, хоць і не ўнікальная. Гэта не асобны тапонім, які застаўся ад населенага пункта, гэта напамін пра эпоху пракладкі лініі, пачатку 20-х гадоў. Будаўніцтва станцыі паспрыяла ўзнікненню новых камун каля пляцоўкі, так і замацавалася. Цікава, што сама чыгуначная станцыя заснавана ў 1918 годзе і да 1923 году мела назву Касцюковічы, аднак пасля найменне было зменена на сучаснае. 

Сама станцыя ляжыць за пару кіламетраў ад асноўнай часткі горада, хоць чыгуначнае палатно праходзіць праз увесь населены пункт. Будынак чыгуначнай станцыі выглядае досыць просценька, без архітэктурных асаблівасцяў.   Наогул раён Камунараў дастаткова аддалены ад іншых частак Касцюковічаў, тут даволі пустынна і ціха.

Нягледзячы на ​​аддаленасць вакзала, у выпадку з Касцюковічамі гэта не паспрыяла развіццю грамадскага транспарту, аўтобусы ў цэлым ходзяць рэдка.

Праз дарогу ад будынка чыгуначнага вазкала знаходзіцца будынак імпазантнай рытуальнай крамы касцюковіцкага райпо, пабудаваны за савецкім часам. 

Чырвона-зялёная каларыстыка крамы рытуальных паслуг наводзіць на пэўныя развагі.

Фота mogilev.media i з адкрытых крыніц

Краснаполле адзначае юбілей – знаёмімся з горадам

Паселішча з адным адзіным прамысловым прадпрыемствам і з ментальным вінегрэтам, дзе пераплятаецца савецкасць, прыхільнасць да рускай культуры і тутэйшы культурніцкі пласт.

Сёлета Краснаполле адзначае юбілей – 215 год з часу заснавання.

Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга раённага цэнтра на падставе гісторыка-археалагічных дадзеных адносяцца да 1707 года. З 1773 года Краспаполле ўвайшло ў склад Чэрыкаўскага павета Мсціслаўскага ваяводства. З 1774 года краснапольскія землі спачатку пэўны час належалі князю Аляксандру Галіцыну, а пасля перайшлі ва ўладанне фаварыта расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ Рыгора Пацёмкіна.

Ужо да 1846 года мястэчка Краснаполле было вядома як буйны гандлёва-рамесны цэнтр ўсходняй Магілёўшчыны, куды з’язджаліся не толькі мясцовыя, але і расійскія і ўкраінскія купцы, асабліва ў дні кірмашоў. 

У другой палове 19-га стагоддзя Краснаполле ўваходзіла ў склад Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні і належала Бенкендорфам. Тут знаходзіліся народнае вучылішча, аптэка, сельская бальніца на 20 месцаў, тры скураныя майстэрні і броварня, 3 гарбарных і 9 маслабойных заводаў, вадзяны млын. На 1890 год у мястэчку было 412 будынкаў, штогод праводзілася чатыры кірмашы. Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года мястэчка Краснаполле налічвала больш за 3 тысячы жыхароў, аднак у асноўным гэта было яўрэйскае насельніцтва.

У савецкі час, нягледзячы на тое, што Краснаполле стала раённым цэнтрам, мястэчка заставалася невялікім. Тут не было створана буйной прамысловасці, пагэтаму прыток насельніцтва быў невялікім. Тым не менш за савецкім часам Краснаполле вырасла амаль ў два разы, аднак працягвала заставацца маленькім мястэчкам Магілёўшчыны.

Найменне горада

Ёсць дзве версіі паходжання назвы Краснаполле. Адна з іх звязваецца з “Красным полем” – месцам бітвы Пятра І са шведамі ў Паўночнай вайне. Нездарма ў розных частках мястэчка на сёння можна пабачыць драўляныя гарматы з выявай сучаснага герба Краснаполля. Другая версія тлумачэння тапоніма “Краснае поле” –  месца, якое багатае чырвонай глінай.

Аднак варта адзначыць, што ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца таксама пад назвай Маластоўка па найменню рэчкі, што цячэ праз мястэчка. Напрыклад, пад такой назвай узгадваецца сучасны раённы цэнтр у 1784 годзе. Праўда ў далейшым паселішча ўжо фігуруе пад назвай Краснаполле.  Якая назва больш гістарычная і  аўтэнтычная – гэтае пытанне застаецца адкрытым.

 

Герб БССР, маленькая плошча з помнікам Леніну і шыльда Пушкіну

Краснаполле – адзіны горад у Магілёўскай вобласці, у якім на будынку мясцовага райвыканкама дагэтуль размешчаны герб не Рэспублікі Беларусь, а Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Ды і сам райвыканкам можа здзівіць бэзава-шэрай расфарбоўкай фасада, што не характэрна для раённых адміністрацыйных будынкаў.

Зусім недалёка ад мясцовага райвыканкама, на невялікай местачковай плошчы, размешчаны мармуровы помнік правадыру камуністаў – Уладзіміру Леніну. Прычым выгляд помніка стварае ўражанне, што ўсталяваны ён быў недзе 10-15 год таму, настолькі добрая яго захаванасць. Вобраз Леніна ў скульптурнай выяве выглядае досыць стрыманым: худы і высакаваты, з завостраным тварам, без ускінутай уверх рукі, а наадварот схаванай у кішэні верхняга адзення.

Цэнтральная плошча мястэчка, на якой знаходзіцца помнік правадыра пралетарыята, выглядае вельмі сціплай, з простай забудовай. Больш за тое, яе не замасцілі пліткай, а пакінулі у адзежы старога асфальта.

У цэнтра горада таксама размешчаны будынак Белпошты, адметны тым, што на ім знаходзіцца шыльда, якая ўсталявана з нагоды 200-годдзя з часу нараджэння Аляксандра Пушкіна. Гэта круглая дата адбылася яшчэ ў 1999 годзе, калі і была ўсталявана шыльда на будынку пошты. Натуральным чынам класік рускай літаратуры не мае ніякага дачынення да Краснаполля, нават гіпатэтычнага.

Працягам савецкай спадчыны з’яўляецца ваданапорная вежа з зоркай, якая знаходзіцца ў канцы мястэчка на вуліцы Энергетыкаў. Вежа ўяўляе цікавасць менавіта ў спалучэнні з зоркай, бо архітэктурна яна выглядае досыць стандартна.

 

Аддаленасць, неразвітая прамысловасць, аграэстэтыка

Гарадскі пасёлак Краснаполле пяты з канца спіса раённых цэнтраў Беларусі, па колькасці насельніцтва ў рэспубліцы, але ўзначальвае найменш населены раён краіны, які сур’ёзна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Больш за тое, Краснапольскі раён аддалены ад ўсіх транзітных трас і чыгуначных дарог, а таксама не мае развітой прамысловасці.

Яшчэ адносна нядаўна ў мястэчку былі размешчаны камбінат будматэрыялаў і апрацоўкі ільну, масларобны і агароднінасушыльны заводы, а таксама хлебазавод, аднак іх дзейнасць была спынена з прычыны нерэнтабельнасці. Толькі ўявіце сабе, што раён не выпускае свайго хлеба і яго завозяць з суседніх раёнаў. На сайце райвыканкама белым па чорнаму напісана: “У Краснапольскім раёне ажыццяўляе вытворча-гаспадарчую дзейнасць адна прамысловая арганізацыя – Краснапольскае унітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства “Жылкамунгас”.

Прадстаўлена ў Краснаполлі ў шырокім выглядзе і аграэстэтыка. Паселішча адзначаецца тым, што ў мястэчку шмат размаляваных у розныя колеры камянёў, што, здаецца, больш нідзе столькі не ўбачыш, хоць мястэчка па тэрыторыі дастаткова маленькае. Для аматараў рознакаляровага ўспрыняцця свету Краснаполле будзе сапраўдным раем на Зямлі, дзе камяні размаляваны ва ўсе колеры вясёлкі.

 

Адметнасці раённага цэнтра

Маленькае Краснаполле адметна тым, што ў ім штогод праводзіцца міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары». «Тэатральныя вечары» прадстаўлялі сабой своеасаблівы форум, месца для абмеркаванняў тэатральных праблем, спектакляў, для ўстанаўлення зносін акцёраў, рэжысёраў, аматараў тэатральнага мастацтва. 

З 2013 года фестываль праводзіцца штогод і мее статус міжрэгіянальнага. Ён аб’ядноўваў аматарскія тэатры розных напрамкаў з усіх куткоў нашай краіны і краін замежжа. У 2018 годзе прайшоў VII Міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечары», які быў прымеркаваны да 100-годдзя Краснапольскага народнага тэатра. Нездарма каля жоўтага будынка мясцовага цэнтра культуры размешчана малая архітэктурная форма ў выглядзе двух масак як сімвалаў фестываля.

Штогод у Краснаполлі таксама праводзіцца фестываль народных промыслаў і раместваў «Краснапольскі глечык». Яго асноўныя мэты – выяўленне і падтрымка таленавітых самабытных майстроў народнай творчасці Краснапольшчыны, а таксама адраджэнне, захаванне і развіццё творчасці майстроў Магілёўскага краю, падтрымка лепшых узораў народнай творчасці. У Краснаполлі для адраджэння ганчарнага промыслу стварылі нават ганчарную мастэрню, у якой спецыялісты могуць даць майстр-клас па вырабе не толькі ганчарнага посуду, але і вырабе гліняных цацак-свісцёлак. Сімвалічна, што на гербе раённага цэнтра размешчана выява залатога гарлача.

Сярод іншых адметнасцяў адзначым шэраг старых будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Прычым у адным з такіх будынкаў знаходзіцца мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей, які налічвае пяць экспазіцыйных і выставачных залаў, якія падрабязным чынам знаёмяць з мінулым Краснапольшчыны. 

Адзначым таксама яўрэйскія могілкі, якія знаходзяцца фактычна ў ваколіцах мястэчка, што некалі былі важным месцам, бо яўрэйскае насельніцтва стагоддзе таму складала значную частку жыхароў мястэчка.

Клічаў адзначае юбілей – знаёмімся з горадам

Зусім юнае паселішча з транспартнымі праблемамі і тыповай савецкай архітэктурай. І з унікальным дэндрапаркам 

Першая згадка сучаснага горада адносіцца да 1592 года як вёскі Клічава Віцебскага ваяводства яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага, г. зн. 430 год таму. Пад 1738 годам Клічаў узгадваецца як дзяржаўнае сяло ў складзе Любашанскага староства, а ў 1775 годзе паселішча ўжо мела статус мястэчка і ўваходзіла ў Мацэвіцкае войтаўства. 

У 1865 годзе статус Клічава панізілі да сяла, у якім у канцы ХІХ стагоддзя жыло больш за паўтысячы чалавек. Паступова Клічаў вяртае статус мястэчка і напачатку ХХ стагоддзя ў ім пачынае працаваць гута, на якой выраблялі бутэлькі, аптэчны, парцалянавы і хімічны посуд.

Паступовая ўрбанізацыя Клічава пачалася толькі ў 1920-я гг., калі мястэчка зрабілі цэнтрам раёна Бабруйскай акругі. Ужо пазней, у 1938 годзе Клічаў атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. Нягледзячы на тое, што мястэчка (або гарадскі пасёлак) доўгі час быў цэнтрам раёна, статус горада ён атрымаў толькі ў 2000-м годзе. Адзначым, што Клічаў менавіта з тых беларускіх гарадоў, што вырас натуральным чынам у савецкі час.

 

Цяжка дабрацца, савецкая архітэктура

У Клічаве дагэтуль захоўваецца пэўная праблема з траспартнай інфраструктурай. У Клічаў нязручна дабірацца на грамадскім транспарце – горад знаходзіцца ўдалечыні ад асноўных буйных дарог. Чыгунка таксама ў баку, хоць з Клічавам звязана рэгулярным траспартам. Бліжэйшая чыгуначная станцыя Нясета па дарозе Магілёў-Асіповічы размяшчаецца ў 7 кіламетрах ад Клічава. Уся гарадская інфраструктура абмяжоўваецца толькі аўтастанцыяй. 

Нягледзячы на атрыманне статуса горада і правядзенне абласных Дажынак у 2017 годзе ў Клічаве транспартная праблема так і не вырашылася.

Пры гэтым Клічаў невялікі і досыць кампактны гарадок, які абыйсці можна за некалькі гадзін. У цэнтры горада знаходзіцца досыць стандартны набор функцыянальных будынкаў грамадскага прызначэння. Атмасферу тут ствараюць збудаванні ў стыле неакласіцызма, што паўсталі ў пяцідзесятых-шасцідзесятых гадах. 

Агульную карціну савецкага мінулага дадаюць помнікі, якія з’явіліся ў Клічаве прыкладна ў той жа час. Можа здзівіць хіба тое, што на цэнтральнай плошчы горада будынак мясцовага райвыканкама не з’яўляецца архітэктурнай дамінантай, а выглядае шэравата і будзенна ў параўнанні з будынкам дома культуры або аддзела адукацыі, якому ў Клічаве адведзена эклектычнае збудаванне з калонамі. 

Помнік Леніна невялікі, у натуральны рост лідара бальшавікоў з зусім сціплым пастаментам, размешчаным паміж будынкамі Дома рамёстваў і Клічаўскім аддзелам адукацыі. Як працяг савецкай атмасферы горада – парк з алеямі і атракцыёнамі з васмідзесятых.

У Клічаве няма ніякіх старых помнікаў архітэктуры, а даваенных жылых збудаванняў захаваліся адзінкі. Забудова цэнтральных вуліц складаецца з невысокіх двухпавярховых будынкаў, сярод якіх адзінкі вылучаюцца архітэктурнымі асаблівасцямі. У спальным раёне горада ўсе панэльныя дамы падобны адзін да аднаго, двары якіх слаба ўладкаваны. 

 

Адметнасці горада

Сярод адметнасцей горада ў першую чаргу варта назваць мясцовы дэндрапарк, які знаходзіцца на ўскрайку горада. 

У жыхароў Клічава самым папулярным месцам для адпачынку з’яўляецца якраз дэндрапакр, створаны рукамі Клічаўскага лясгаса. Вядома, не кожны раённы цэнтр можа пахваліцца такім адметным прыродным аб’ектам. Адзначым, што ў гэтым прыгожым месцы сабрана ўнікальная калекцыя раслін – больш за 2500, з іх 105 відаў з розных краін свету.

Досыць нестандартным помнікам можна назваць “Рог дастатку”, які здалёк выглядае казачным персанажам гнома. Скульптурная выява адпавядае прыказцы “з рога ўсяго многа”: бульба, рыба, цыбуля і гарбузы, яблакі і баранкі, нават чугунок з кашай і збан з малаком. З’явілася такая скульптура ў Клічаве напярэдадні правядзення Дажынак у 2017 годзе.  

Нямала ў Клічаве помнікаў звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, бо Клічаўшчына лічыцца партызанскім краем. У гарадку ёсць Курган Славы, брацкія магілы савецкіх жаўнераў, помнікі партызанам, якія вызвалялі горад ад нямецкай акупацыі. Асабліва цікавым выглядае помнік ваенным журналістам. Менавіта на Клічаўшчыне падчас вайны выпускаліся падпольныя газеты «За Радзiму!», “Голас партызана”, партызанскія лістоўкі і іншыя выданні.

Пры знаёмстве з горадам нельга і абмінуць мясцовы краязнаўчы музей, які складаецца ажно з дзевяці экспазіцыйных залаў. У музеі можна атрымаць досыць грунтоўную інфармацыю пра мінулае Клічава і Клічаўшчыны. Аднак адметнасць музея яшчэ і ў тым, што супрацоўнікі ўстановы культуры вырашылі адрадзіць старую традыцыю аптэкарскіх агародаў. Руплівая праца па пошуку насення для ўласнага агарода дала свой плён – вырошчваецца больш за сто лекавых раслін, якія стагоддзямі выкарыстоўвалі нашы продкі. 

Фота: blishch.by