Партал catholic.by размясціў Велікодныя віншаванні ад усіх іерархаў каталіцкай царквы ў Беларусі. Mogilev.media далучаецца да віншаванняў хрысціянам лацінскага абраду і перадае словы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.
“Кожны год Вялікдзень прыносіць кожнаму з нас нешта асаблівае. Не падобнае да таго, што было ў мінулым годзе. Кожны год сэрца наша па-рознаму асэнсоўвае смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Мы ўсе пакліканы паглыбляць свой удзел у гэтым надзвычайным свяце. І менавіта таму касцёл святкуе Вялікдзень кожны год, дапамагаючы нам увайсці ў жыццё нашага Пана і абнавіцца, адкалоўшы ад сябе чарговы кавалачак старога чалавека.
Вось і вучні, якія некалькі разоў чулі ад Езуса пра яго смерць і ўваскрасенне, не маглі прыняць і паверыць у тое, што настаўнік памірае. І не ўспомнілі слоў аб уваскрасенні, пакуль ён сам, прыйшоўшы да іх, не нагадаў. Аднак Хрыстус, нягледзячы на гэта, уваскрос. І ён кліча нас раздзяліць з ім яго радасць, якой у яго так шмат.
Дык давайце ж зараз, не разважаючы пра тое, наколькі мы гатовыя, і калі мы пачалі спрабаваць жыць з Богам – узрадуемся яго ўваскрасенню. Ён прынёс нам новае жыццё, жыццё без смерці, і працягвае яго ў сваіх руках. Няхай радасць нашая будзе адказам на гэты дар, і няхай яна прамяніцца, прыцягваючы да Хрыста іншых.
Хрыстус уваскрос, сапраўды уваскрос, Алілюя!”
Фота: mogilev.media