Сусветны дзень харчавання (з 1999). Устаноўлены ў гонар даты ўтварэння Арганізацыі харчавання і сельскай гаспадаркі ААН 16 кастрычніка 1945 года, калі ўпершыню краіны свету афіцыйна абвясцілі адной з найважнейшых задач выкараненне голаду на планеце.
У цэлым 2,3 мільярды жыхароў планеты – каля траціны ўсяго насельніцтва – сутыкаюцца з недахопам прадуктаў харчавання.
Гэта на 350 мільёнаў больш, чым да пандэміі. Каля 924 мільёнаў жывуць ва ўмовах вострага дэфіцыту харчавання – на 207 больш, чым у 2020 годзе.
Ужо зараз становіцца зразумела, што перамагчы праблему голаду да 2030 года ўжо немагчыма.
Сітуацыя з харчовым забеспячэннем у свеце значна пагоршылася ў сувязі з нападам Расіі на Украіну, з вайной паміж гэтымі найбуйнейшымі сусветнымі пастаўшчыкамі збожжа, алейных культур і ўгнаенняў.
Сусветны дзень анэстэзіі.
Анэстэзія – страта адчувальнасці нерваў. Штучная анэстэзія прымяняецца для абязбольвання пры хірургічных аперацыях.
16 кастрычніка 1846 года зубны лекар Томас Мортан правёў першую ў гісторыі аперацыю пад эфірным наркозам. Гісторыя новай вобласці медыцыны анэстэзіялогіі звязана са з’яўленнем наркозу ў 1846 годзе.
1596 год. У Берасці ў кафедральнай Свята-Мікалаеўскай царкве пачаўся царкоўны Сабор.
Працаваў 16-20 кастрычніка.
У Брэст на запрашэнне мітрапаліта Кіеўскага Міхаіла Рагозы з’ехаліся ўсе епіскапы, кіраўнікі найбольш значных манастыроў, прадстаўнікі духавенства і манаства, а таксама прыхільнікі і праціўнікі уніі з ліку свецкіх асоб.
У выніку працы Сабора Кіеўская мітраполія 18 кастрычніка афіцыйна абвясціла аб’яднанне Праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай з Каталіцкай царквой пад уладай Папы Рымскага.
Унія зацверджана каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III Вазам.
У 1839 годзе ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Да 1874 – 1875 гадоў уніяцкія парафіі (некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі – у Сапоцкінскім краі і на Падляшшы.
1894 год. У в. Міхалёва Бабруйскага раёна нарадзіўся Феафан Шырокі.
Генерал-маёр авіяцыі. Удзельнік Першай сусветнай, Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войн.
Калі быў камандзірам 20 авіябрыгады у Прымор’і, у 1938 годзе быў арыштаваны ДПУ і знаходзіўся каля года пад следствам.
У вайну камандаваў дывізіяй дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. Удзельнік баёў за Маскву, Ленінград, Сталінград, Курск, па вызваленні Украіны, Беларусі, Венгрыі, Польшчы, Усходняй Прусіі.
Памёр у 1979 годзе ў Кіеве.
1925 год. У Берліне завяршылася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя – нарада беларускіх палітычных дзеячоў у эміграцыі.
Працавала 12-16 кастрычніка 1925 года.
Склікана А. Цвікевічам у выніку расколу ў беларускім эмігранцкім асяроддзі, пераменаў у БССР і Заходняй Беларусі пасля Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе (1921).
Канферэнцыя прызнала Менск “адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі», БССР, савецкую уладу, абвясціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менску “здрадай справе вызваленчага беларускага руху”, ліквідавала ў Берліне палітычны эмігранцкі цэнтр БНР.
Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі, яго намеснік В. Захарка, Прэзідыум Рады БНР не прызналі рашэнняў канфэрэнцыі.
1935 год. Нарадзіўся Барыс Забораў.
Беларускі і францускі жывапісец і графік.
З 1979 года жыў у Францыі.
Працаваў у галіне кніжнай графікі і ў розных жанрах станковага жывапісу.
Займаўся мастацкім афармленнем кніг балгарскіх паэтаў, Я. Райніса, У. Шэкспіра, Я. Купалы, Р. Барадуліна, Я. Корчака, Ф. Дастаеўскага, А. Пушкіна, О. Уайльда.
У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі захоўваецца каля 50 яго графічных прац.
Яго палотно «Аўтапартрэт з мадэллю” захоўваецца ў галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі.
Памёр у 2021 годзе.
1946 год. Па прыгаворы Нюрнбергскага трыбунала пакараныя дзесяць нацысцкіх верхаводаў.
Былі павешаны: Іаахім фон Рыбентроп, Вільгельм Кейтэль, Эрнст Кальтэнбрунэр, Альфрэд Розенберг, Ганс Франк, Вільгельм Фрык, Юліус Штрэйхер, Фрыц Заукель, Альфрэд Ёдль, Артур Зэйс-Інкварт.
Сярод павешаных абавязкова апынуліся б таксама Адольф Гітлер і Герман Герынг. Але Герынг за дзень да прывядзення прысуду ў выкананне пакончыў з сабой, а Гітлер зрабіў гэта яшчэ раней.
Марцін Борман – быў прысуджаны да смяротнага пакарання завочна, бо здолеў уцячы. Найверагодней, мяркуюць сучасныя даследчыкі, ён загінуў у баях у 1945 годзе пры спробе ўцёкаў з Германіі інкогніта.
Нюрнбергскі суд – напамін сучасным дыктатарам і распальшчыкам вайны, што іх злачынствы не застануцца беспакаранымі.
13 кастрычніка 2022 года ПАСЕ прызнала сучасны расійскі рэжым тэрарыстычным. “За” прагаласавалі 99 дэлегатаў, адзін устрымаўся. Прыняцце рэзалюцыі ПАСЕ прадугледжвае стварэнне трыбунала. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што знаходжанне Расіі ў Савеце Бяспекі ААН – нелегальнае.
1948 год. Нарадзіўся Яўген Сямашка. Беларускі журналіст, гісторык.
Працаваў журналістам ў Ашмянах, Гродне, Мінску. Галоўны рэдактар газеты «Белорусская нива».
Даследуе дзейнасць польскага антысавецкага падполля на Беларусі ў 1940-я гады. Аўтар кнігі “Армія Краёва на Беларусі” (1994).
1957 год. Нарадзіўся Сяржук Сокалаў-Воюш.
Беларускі бард, журналіст, пісьменнік.
Працаваў ў школе, навуковым супрацоўнікам філіяла музея Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне, загадчыкам літаратурнай часткі лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, на радыё “Свабода”.
З 1991 года на эміграцыі.
Аўтар зборніка «Кроў на сумётах», кнігі «Крывавы памол», паэмы «Мяккі знак», пастаноўшчык п’есы-казкі «Свецяць, свецяць зорачкі».
Перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.
У ЗША і Канадзе выйші альбомы з яго песнямі.
1978 год. Караль Вайтыла (1920-2005) абраны 264-м папам рымскім і ўзяў сабе імя Ян Павел ІІ.
Кананізаваны (у 2014).
Першы Папа неітальянскага паходжання за апошнія 455 гадоў, першы са славян.
Антыкамуніст, антысталініст, міратворац.
Першы Папа, які кантактаваў з іерархамі іншых канфесій і веравызнанняў.
Прем’ер-міністр Ізраіля А. Шарон назваў Яна Паўла ІІ “чалавекам міру, сябрам габрэйскага народа”.
Першы пантыфік, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях, падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.
1983 год. Створана група “Мумі Троль”.
Стваральнік – Ілля Лаценка, унук архітэктара, аўтара “лагуценкавак” або “хрушчовак”, ураджэнца Магілёва Віталя Лагуценкі.
Сам лідар групы мае запісы песень на беларускай мове, у тым ліку песні «Кантрабанды» у перакладзе А. Хадановіча для праекта «Перазагрузка-2».
1988 год. Пачаўся паказ бразільскага серыяла “Рабыня Ізаура” на Цэнтральным тэлебачанні СССР.
Пачатак эры мыльных опер у СССР.
Сам раман Бернарда Гімарайнша “Рабыня Ізаура” (1875) налічвае каля 50 старонак.
Для пракату серыяла ў СССР тэленавела была перамантавана ў больш звыклы для савецкага тэлегледача фармат: 15 серый па 60-70 хвілін.
Першыя 5 серый тэлесерыяла былі прадэманстраваны 16-20 кастрычніка 1988 года, наступныя – з 26 лютага па 7 сакавіка 1989 года. У верасні 1990 года тэлесерыял быў прадэманстраваны паўторна.
Пасля паказу фільма ва ўжыванне трывала ўвайшло слова “фазенда”, у асноўным для іранічнага абазначэння ўчасткаў на лецішчах, з’явіліся шматлікія кошкі, кабылы, каровы Ізаўры.