Будынак пошты ў неагатычным стылі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але замест рамонта яго сарамліва хаваюць ад гараджан.
Паштовая станцыя ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад) на старой Варшаўскай шашы была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі другой катэгорыі. Гэта прамакутны аднапавярховы будынак з вялікім унутраным дваром і каменнай агароджай. Вокны і парадныя дзверы аформлены ў неагатычным стылі, над уваходам – металічны казырок на чугунных ажурных апорах. Сёння пабудова, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры, знаходзіцца ў паўразбураным стане і не выкарыстоўваецца.
Уласнікам будынка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама. Каб схаваць разбурэнні гістарычнай каштоўнасці, на фасад старога будынка быў нацягнуты тэнт. Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, тэнт на паштовай станцыі ў Слаўгарадзе вісіць аж з 2017 года, прычым быў усталяваны «ў мэтах забеспячэння бяспекі і захавання будынка».
– Як ануча можа забяспечваць захаванасць будынка? Навошта глядзець на помнік, калі можна глядзець на анучу з малюнкам на яго фасадзе? – задаюцца пытаннямі аўтары матэрыяла пра слаўгарадскую паштовую станцыю.
Адзначым, што мясцовая ўлада плануе рэканструяваць гістарычны будынак пад раённы музей у рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады. Але ці адбудзецца аднаўленне гарадской гістарычнай каштоўнасці пакажа будучыня.
Фота mogilev.media, radzima.org