Рэдкага і самага вялікага на планеце чорнага слізня бачылі пад Магілёвам

Шыза-чорны слізень лічыцца самым вялікім на нашай планеце. Ён сустракаецца вельмі рэдка, а нядаўна яго заўважылі пад Магілёвам.

Чытачы mogilev.media падзяліліся фотаздымкам з выявай незвычайнай жывёлы, якую яны пабачылі ў лесе пад Магілёвам. Яны паказалі, як на грыбе-сыраежцы красуецца вялізны смоўж незвычайнай шыза-чорнай афарбоўкі. Першапачаткова нашы чытачы спалохаліся, што следам за небяспечнымі іспанскімі слізнямі на Магілёўшчыну пачалі пранікаць нейкія новыя інвазіўныя віды малюскаў. 

чорны смоўж

Аднак, як высветлілася, гаворка вядзецца не пра інвазіўны, а пра цалкам натуральны для Беларусі від, шыза-чорнага смаўжа. Гэта вельмі рэдкая знаходка, падобныя жывёлы ўнесеныя ў Чырвоныя кнігі некалькіх краін і рэгіёнаў.

Шыза-чорны слізень (лац.: Limax cinereoniger) лічыцца самым буйным на нашай планеце. Даўжыня яго слізкага цела часам дасягае 30 см, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для ўсіх яго суродзічаў. Сустракаецца гэты прадстаўнік атрада лёгачных смаўжоў практычна на ўсёй тэрыторыі Еўропы, выключэнне складаюць толькі самыя паўночныя і халодныя яе часткі.

чорны слізень

Шыза-чорны слізень водзіцца ў наступных рэгіёнах:

  • Германіі; 
  • Вялікабрытаніі і Ірландыі, дзе гэты від унесены ў Чырвоную кнігу;
  • у краінах Балтыі;
  • ва Ўкраіне;
  • Беларусі;
  • Малдавіі;
  • у паўднёвай Карэліі

Таксама ён жыве на ўсёй еўрапейскай частцы Расійскай Федэрацыі, а ў Маскоўскай, Самарскай, Ульянаўскай, Ніжагародскай і Кіраўскай абласцях знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

чорный слизень

Гэта вельмі рэдкі від смаўжоў, які сустракаецца толькі ў адзінкавых экземплярах. Ён аддае перавагу вільготным лясістым мясцовасцям і паркам з добрым травяністым покрывам. Днём хаваецца ў дуплах дрэў, пад карчамі, ламаччам і камянямі, а ўначы выпаўзае з хованкі, каб перакусіць.

Фота з адкрытых крыніц

Памятаеце іспанскіх смаўжоў? Яны ўжо ў Магілёве

Год таму mogilev media пісалі пра паяўленне на Беларусі гіганцкага інвазіўнага малюска, якога нельга браць у рукі. Тады фотаздымкі з атрутным смаўжом публікавалі мінскія паблікі. Цяпер паявіліся сведчанні з самаго Магілёва – з поймы рачулкі Дзебры.

Магілёўскія карыстальнікі соцсетак публікуюць фотаздымкі вялікага ярка-карычневага ці нават аранжавага смаўжа, знойдзенага каля рэчкі Дзебры ў Магілёве. 

Дасюль ніколі ня бачыў такіх жырдзяістых і прытым аранжавых сьлізняў. І гэта ён яшчэ ад майго шоргату скукожыўся.” – піша аўтар фота.

Іспанскі смоўж родам з Партугаліі. Адсутнасць натуральных ворагаў і камфортныя ўмовы надвор’я паспрыялі яго пашырэнню ў краінах Еўропы – у тым ліку Ўсходняй. З 2010-х гадоў гэтага смаўжа пачалі сустракаць у Падмаскоўі, затым і ў больш паўночных рэгіёнах Расіі. Вядома, што нават зімняе надвор’е нашых шырот дастаткова камфортнае для гіганцкага малюска. І на стадыі лічынкі, і на стадыі дарослай жывёлы ён спакойна трывае мінусавыя тэмпературы.

Спецыялісты раяць не дакранацца да гэтага малюска рукамі, паколькі яны могуць быць пераносчыкамі вялікай колькасці захворванняў. Смаўжы вырастаюць да вялікіх памераў, аж да 15 сантыметраў. Памер і агрэсіўны колер палохаюць птушак, таму гэты інвазіўны шкоднік не мае натуральных ворагаў у экасістэме і бесперашкодна распаўсюджваецца ў новай для сябе прыродзе.

Фота: Анатоль Прасаловіч