У Магілёве мужчына скраў інвалідны вазок з бальніцы – але сам не ведае, навошта

У міліцыю звярнуўся прадстаўнік Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі і паведаміў аб крадзяжы інваліднага вазка коштам каля 1000 рублёў.

Паводле высветленых абставінаў, 56-гадовы беспрацоўны мужчына, якога даставілі ў бальніцу, скарыстаў момант і вынес інвалідны вазок з прыёмнага пакоя. Ён правёў ноч у медыцынскай установе, а раніцай, прайшоўшы праз шлагбаум, незаўважна пакінуў тэрыторыю разам з вазком.

На допыце мужчына не змог растлумачыць прычыну сваіх дзеянняў, заявіўшы, што знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення і не памятае, як адбыўся інцыдэнт.

Па факце крадзяжу распачата крымінальная справа.

Дарэчы, падобны выпадак меў месца ў 2018 годзе ў Баранавічах Берасцейскай вобласці. Там злодзей здзейсніў крадзеж упадабанага інваліднага вазка ў хірургічным аддзяленні першай гарадской бальніцы. З заявай у праваахоўныя органы звярнуўся галоўны ўрач медыцынскай установы.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама, скрыншот