Вынік, паказаны спартсменам, мог бы даць яму магчымасць увайсці ў топ-10 бегуноў, калі б ён паказаў яго на мінулых Алімпійскіх гульнях, у Токіа.
Паказаць жа дастойны вынік на міжнародных спаборніцтвах Ілья Карнавухаў наўрад ці зможа бліжэйшым часам – беларускіх спартсменаў не хочуць бачыць на сусветных форумах з-за саўдзелу нашай краіны ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Ілья Карнавухаў спецыялізуецца на сярэдняй дыстанцыі ў 1 500 метраў. Папярэдні нацыянальны рэкорд на гэтай дыстанцыі трымаўся 30 гадоў, належаў Азату Ракіпаву і складаў 3 хвіліны, 36 секунд і 16 сотых секунды. Паказчык Карнавухава – 3:35,95 што хутчэй на 21 сотую секунды.
Для параўнання – нарвежац Якаб Інгебрытсэн на Алімпійскіх гульнях у Токіа паказаў алімпійскі рэкорд з хуткасцю 3:28,32.
«Галоўнае для мяне, як для любога спартоўца, – біць асабістыя рэкорды. – расказваў Ілья дрыбінскай раёнцы «Савецкая вёска» – Думаю, што мяжы яшчэ не дасягнуў. І дзе яна – гэта цікава».
Сёлета на спаборніцтвах World Athletics Indoor Tour – Czech Indoor Gala Ostrava 2022 у чэшскай Астраве спартсмен ужо пабіў нацыянальны рэкорд на тую ж адлегласць для закрытых памяшканняў.
Ілья Карнавухаў – выпускнік Магілёўскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявым відам спорту, цяпер студэнт «Беларуска-Расійскага універсітэта».
фота з рэсурсу: dribin.by