У гандлёвай сетцы “Еўраопт” з’явіліся першыя пасля сыходу IKEA з Беларусі тавары гэтай шведскай гандлёвай маркі. Партыя тавараў была заўважана пакуль толькі ў самым вялікім гіпермаркеце “Еўраопт” у Мінску, на вуліцы Мантажнікаў.
Асартымент тавараў тут невялікі, ён размяшчаецца на адным стэлажы. Гэта ў асноўным тавары для кухні: нажы, талеркі, лапаткі, наборы лыжак і відэльцаў. Ёсць ёмістасці для мыла, вешалкі, савок са шчоткай.
Тавары з IKEA ёсць і ў е-дастаўцы “Еўраопта” – каля 40 найменняў. Цэны на тавары IKEA ў Мінску істотна вышэйшыя, чым у суседніх краінах.
Выданню Office Life прадстаўнікі рытэйлера паведамілі, што ў планах “Еўраопта” – пашыраць асартымент нехарчовай групы тавараў як ад IKEA, так і ад іншых гандлёвых марак.
Рэзананснае расследаванне правялі журналісты нямецкай газеты Taz і французскага выдання Disclose. Яны сцвярджаюць, што пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 годзе IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу вязняў у турмах, і ў тым ліку палітзняволеных.
У якасці пастаўшчыкоў IKEA ў Беларусі выступалі магілёўскае тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, а таксама холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Прычым “Магатэкс”, як сцвярджаюць расследавальнікі, працаваў прынамсі з чатырма выпраўленчымі калоніямі.
“Адзін з ізалятараў, з якімі супрацоўнічае Магатэкс – гаворыцца ў даследаванні – называецца ІК-15, як паказвае бухгалтарскі дакумент ад ліпеня 2021 года, апублікаваны турмой. «ІК-15 — гэта тэрыторыя поўнага жаху, дзе карнікі робяць, што хочуць» – сведчыць Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы юнак знаходзіўся пад замком на працягу дзесяці месяцаў, паміж 2021 і 2022 гадамі.”
У IKEA на запыт беларускіх журналістаў адказалі, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак.
– На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнэсе няма месца парушэнням правоў чалавека – паведамілі ў прэс-службе кампаніі – Прысутничаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з маніторынгам нашых ланцужкоў паставок, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням.
Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.
«Прадпрыемствы і ланцужкі паставак па ўсім свеце моцна пацярпелі, і мы не бачым магчымасці аднавіць дзейнасць у бліжэйшы час», гаворыццана сайце кампаніі.
Inter IKEA Group і Ingka Group вырашылі перайсці на новы этап далейшага скарачэння бізнесу IKEA ў Расіі і Беларусі.
– Рознічны бізнес IKEA будзе спыненым, а калектывы скарочаныя. Ingka Group распрадае свае запасы мэблі для дома ў Расіі.
– Індустрыяльны бізнес, які належыць ІКЕА, у Расіі скараціць працоўны калектыў і пачне працэс пошуку новых уладальнікаў для ўсіх чатырох заводаў.
– Імпарт і вываз прадукцыі IKEA у Расію і Беларусь і з Расіі будзе спыненым. Два офісы пакупкі і лагістыкі, якія належаць ІКЕА, у Маскве і Мінску, зачыняцца.
Аб прыпыненні дзейнасці ў Беларусі Inter IKEA Group і Ingka Group у сувязі з вайной ва Ўкраіне абвясцілі ў сакавіку. З таго часу, гаворыцца на сайце кампаніі, прыярытэтам стала аказанне падтрымкі супрацоўнікам.
ІКЕА вырабляе шматфункцыянальную і адносна недарагую мэблю для дома. Кампанія была заснавана ў Швецыі ў 1943 годзе.
Беларусь была адной з 50 краінаў, дзе кампанія заказвала прадукцыю. На прадпрыемствах, створаных на яе інвестыцыі, выраблялася тавараў на 80 мільёнаў еўра.
У Магілёве для ІКЕА вырабляла мэблю мясцовае прадпрыемства Mebelain. На ім працавала за 800 чалавек. Кіраўніцтва заявіла пра спыненне вытворчасці на «няпэўны час».