Клайпеда – настаўнікам рускай мовы раяць навучыцца чаму-небудзь яшчэ

Папулярнасць рускай мовы ў Літве падае, настаўнікам раяць набыць дадатковыя кампетэнцыі за кошт дзяржавы.

У лісце міністра адукацыі, навукі і спорту Jurgitа Šiugždinienė да супольнасці настаўнікаў рускай мовы рэкамендуецца атрымаць дадатковыя кампетэнцыі або спецыялізацыі па іншым прадмеце і адзначаецца, што набыццё другой кваліфікацыі фінансуе дзяржава – паведамляе atviraklaipeda.lt.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

«Мы разумеем, што па меры зніжэння папулярнасці рускай мовы і змены стаўлення да выбару замежных моў навучэнцаў і іх бацькоў, у настаўнікаў рускай мовы можа зменшыцца працоўная нагрузка. Таму мы прапануем… набыць дадатковыя кампетэнцыі па іншым прадмеце. Для Літвы важны кожны настаўнік» – гаворыцца ў звароце міністра.

Бацькоў вучняў заклікаюць адказна падыходзіць да выбару замежных моў для сваіх дзяцей, аддаючы прыярытэт французскай і нямецкай мовам. 

Папулярызацыі еўрапейскіх моў будуць садзейнічаць спецыялісты па кар’еры, якія працуюць у школах, праводзяць кансультацыі для навучэнцаў і іх бацькоў.

Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны паскорыла працэс падзення папулярнасці рускай мовы, прыязнасці да яе.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.