У Хоцімскім раёне начальства скрала паўсотні тон угнаенняў, падкупала работніцу, але тая іх выдала

Крадзёж са злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі і замах на дачу хабару інкрымінаваны 55-гадоваму намесніку дырэктара аграрнага прадпрыемства Хоцімскага раёна і яго саўдзельніку, 51-гадоваму жыхару Краснаполля. 

Як паведамляе генеральная пракуратура, дзейнічаючы па папярэдняй змове, абвінавачаныя выкралі 47,5 тон угнаенняў коштам больш як 7 тысяч беларускіх рублёў. Затым гэтыя ўгнаенні яны вывезлі ў Расію і прадалі там.

Для ўтойвання гэтага факта зламыснікі спрабавалі падкупіць загадчыцу склада сельгаспрадпрыемства. Аднак жанчына не прыняла 30 тысяч расійскіх рублёў хабару і крадзёж быў раскрыты дзякуючы ёй.

Пасля таго як абвінавачаныя даведаліся, што пра крадзёж стала вядома, то разам з калегам з іншага сельгаспрадпрыемства, намеснік дырэктара выкраў яшчэ 48,5 тон аналагічных мінеральных угнаенняў. Гэтыя ўгнаенні даставілі на склад замест раней выкрадзеных. 

Такім чынам, сукупная шкода ад злачыннай дзейнасці намесніка дырэктара і яго саўдзельніка перавысіла 11 тысяч беларускіх рублёў. 

Зламыснікі знаходзяцца зараз пад вартай, у іх дачыненні заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

«Тона на дваіх». Разам з фарбаванай саляркай на сяле масава крадуць камбікорм

У Хоцімскім раёне двое працаўнікоў сельгаспрадпрыемства накралі больш за 1 тону камбікорму. Цягалі яго на свае падворкі  некалькі месяцаў.

Выкрылі жыхароў вёскі Бярозкі падчас міліцэйскага рэйду. 53-гадовая яе жыхарка ў хляўку назапасіла дзяржаўнага камбікорму амаль 760 кілаграмаў. Супраць вяскоўкі распачатая крымінальная справа.

Яе 35-гадовы зямляк не змог утаіць ад міліцыі 300 кілаграмаў камбікорму. Распачатая праверка, па выніках якой ўчынку вяскоўца дадуць прававую ацэнку.

Скрадзенае, піша тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» вернутае гаспадарцы.

Цяпер найбольш, калі сыходзіць са звестак міліцыі, крадуць на вёсках фарбаваную салярку, прызначаную для запраўкі сельгастэхнікі.

Днямі 840 літраў такога паліва выявіў міліцэйскі рэйд у жыхаркі Магілёўскага раёну. Магілёў.media падлічыў, што літраж нацяганай вяскоўкай саляркі складае 64% ад усяго аб’ёму накрадзенага паліва з пачатку месяца ў рэгіёне.

Праваахоўнікі высвятляе, дзе жанчына набрала столькі фарбаванага паліва.

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі і крадзяжамі не толькі ў Беларусі, пісаў раней Магілёў.media.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.