Старэйшы беларускі клуб аматараў і ўладальнікаў матацыклаў Harley Davidson, Harley Owners Group адзначыў сваё 10-годдзе незвычайным падарункам. Байкеры набылі і падарылі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі два экзэмпляры магілёўскіх старадрукаў – гаворыцца на афіцыйнай старонцы бібліятэкі.
Кнігі, “Часоўнік” і “Псалтыр” былі надрукаваныя ў магілёўскай брацкай друкарні ў 1730-х гадах для патрэбаў стараабрадцаў. Спецыялісты адзначаюць, што магілёўская друкарня ў XVIII стагоддзі з’яўлялася адзінай у Рэчы Паспалітай дзе выдаваліся кірылічныя кнігі. Збольшага яны былі разлічаныя на стараабрадцаў у межах краіны і тых, што пражывалі ў Расіі. “Псалтыр” і “Часоўнік” – самыя папулярныя і патрэбныя кнігі ў штодзённай абрадавасці старавераў, прычым “Часоўнік” часта выступаў як кніга для навучання грамаце.
Фота: nlb.by