Фотафакт. Як выглядае абрынуты ў Магілёве помнік ахвярам Халакосту

Помнік у выглядзе стэлы разваліўся на часткі пасля таго, як на яго абрынулася вялікае дрэва. Гэта адбылося 29 чэрвеня ў навальніцу.

Помнік стаіць на яўрэйскіх могілках. Мясцовыя камунальнікі прыбралі дрэва, падмялі пляцоўку і склалі фрагменты абеліска побач з пастаментам. Калі возьмуцца за яго аднаўленне не вядома.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.

 

У Бабруйску ўшанавалі памяць аб ахвярах Халакосту. Ля мясцовай «Сцяны плачу» паставілі помнік

Месца для памятнага знаку знайшлося на тэрыторыі ўратаваных ад разбурэння рэшткаў старой сінагогі. Тут створаная музейная пляцоўка пад адкрытым небам. У Бабруйску яе называюць мясцовай «Сцяною плачу». Месціцца яна на перакрыжаванні вуліц Чонгарскай і Бахарава. 15 хвілінаў пешшу ад цэнтру гораду.

Знак выкананы ў чырвоных і чорных колерах. Ён сімвалізуе трагізм і адраджэнне. Усё – ад ідэі да дызайну – належыць кіраўніку гарадской іўдзейскай абшчыны Шаулю Хабабо, у мінулым дызайнеру, паведамляе інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер».

Адкрыццё прымеркавалі да гадавіны вызвалення Бабруйску ад нацысцкай акупацыі. На ўрачыстасць прыйшлі старшыня гарвыканкаму Аляксандр Студнёў з групай падначаленых чыноўнікаў ды кіраўнік іўдзейскіх абшчын краіны Ўладзімір Малінкін.

У Бабруйску нацысты ў 1941 годзе стварылі на тэрыторыі цяперашняга заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў гета. Яно існавала з 1 жніўня да 30 снежня. Мясцовымі ахвярамі Галакосту сталі больш за 10 тысяч чалавек. Іх масава забівалі, вывеўшы за горад.