1097 год. На радзе князёў у Любечы ўзаконены падзел Русі на ўдзельныя княствы. Русь, якая раздзіралася міжусобнымі войнамі, бясконцымі жорсткімі набегамі полаўцаў, мела патрэбу ў перамір’і, каб пазбавіцца ад усіх супярэчнасцяў паміж князямі.
Менавіта з гэтай мэтай і быў скліканы з’езд князёў у Любечы, на беразе ракі Дняпро.
У ім прынялі ўдзел 6 князёў: князь кіеўскі Святаполк Ізяславіч, чарнігаўскія князі Давыд і Алег Святаславічы, пераяслаўскі князь Уладзімір Манамах, валынскі князь Давыд Ігаравіч і церабоўскі князь Васілька Расціславіч.
tunnel.ru
1605 год. Памёр Ян Марыя Бэрнардоні.
Італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю ранняга барока. У 1584 годзе спраектаваў касцёл Фара Вітаўта ў Гродна на замову Стэфана Баторыя.
У 1586 годзе склаў праект і заклаў фундамент нясвіжскага касцёлу Божага Цела, у якім у 1593 годзе справілі першае набажэнства, а ў яго 1601 урачыста асвяцілі, але ўжо без архітэктара.
Існуюць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэньні радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага (1613).
wikimedia.org
1813 год. Загінуў Юзэф Панятоўскі.
Князь і генерал Рэчы Паспалітай, маршал Францыі, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 году камандаваў корпусам польскай арміі. Вызначыўся ў бітве пад Зяленцамі — першай пераможнай бітве войска Рэчы Паспалітай з часоў Яна Сабескага. Перамога дала падставу для зацвярджэння ордэна Virtuti Militari. Першымі ўзнагароджанымі былі Юзэф Панятоўскі і Тадэвуш Касцюшка.
Удзельнік паўстання Касцюшкі. У 1807 годзе ўдзельнічаў у арганізацыі часовага ўраду і стаў ваенным міністрам вялікага герцагства Варшаўскага.
Камандаваў польскім корпусам у вайне Напалеона супраць Расіі ў 1812 годзе.
У 1813 годзе вызначыўся ў бітве пры Лейпцыгу і атрымаў тытул маршала. Прыкрываючы адступленне францускага войска ад Лейпцыгу, патануў у рацэ Эльстэр.
Напалеон лічыў Панятоўскага народжаным для польскага трону.
У памяць аб Панятоўскім ўсталяваны пліта на помніку Бітве народаў, конны помнік у Варшаве, статуя на фасадзе Луўра.
wikimedia.org
1816 год. У Віцебску нарадзіўся Максімільян Маркс.
Удзельнік паўстання К.Каліноўскага, даследчык Сібіры, мемуарыст.
Вязень Петрапаўлаўскай крэпасці (1863-1864). Быў высланы ў Сібір.
У Енісейску заснаваў першую сібірскую метэастанцыю.
Член Рускага геаграфічнага таварыства. Уладальнік залатога медаля таварыства за карысныя працы па метэаралогіі і прамеры ракі Енісей.
Ініцыятар адкрыцця краязнаўчага музея ў Енісейску, вывучаў побыт народаў Сібіры.
Аўтар этнаграфічнага апісання Віцебскай губерні, мемуараў «Записки старика» (рукапіс сканчваецца фразай «…Віцебск – гэта Эльдарада Беларусі»).
evitebsk.com
1821 год. Памёр Станіслаў Макраноўскі.
Камергер Станіслава Аўгуста Панятоўскага, генерал-лейтэнант. Апошнія гады жыцця жыў на Магілёўшчыне. У музеі гісторыі Магілёва захоўваецца фрагмент камергерскага ключа ад пакояў Панятоўскага.
Удзельнік вайны з Расіяй 1792 года, бітвы пад Зелянцамі.
Удзельнік паўстання 1794 года, камандуючыў узброенымі сіламі Варшавы і Мазавецкага княства, паўстанцкімі войскамі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Чацвёртая асоба пасля Панятоўскага, Касцюшкі, Вельгорскага, якая ўзнагароджана ордэнам Virtuti Militari.
wikimedia.org
1890 год. Нарадзіўся Сяргей Палуян.
Беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец.
Аўтар апавяданняў, вершаваных і драматычных твораў, рэцэнзій, першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910).
Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі.
Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры.
Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.
Скончыў жыццё самагубствам у 1910 годзе, у 20 гадовым узросце.
Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш, Максім Багдановіч —зборнік «Вянок» і верш, Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».
1919 год. У Мінску адкрыліся беларускія настаўніцкія курсы. Дзейнічалі з 19 кастрычніка па 23 лістапада 1919 года.
Створаны Мінскай беларускай школьнай радай для настаўнікаў школ Мінскага павета. Фінансаваліся польскімі ўладамі. На іх выкладалі вядомыя асобы: Я. Лёсік, У. Ігнатоўскі, Я. Карскі, Я. Фарботка і іншыя. Навучалася каля 250 чал. Пры курсах слухачамі арганізаваны самадзейны тэатральны гурток, які паставіў на сцэне «Беларускай хаткі» некалькі спектакляў.
wikimedia.org, фота – акадэмік Я. Карскі
1936 год. Нарадзіўся Эдуард Гарачы.
Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.
Арыштаваны ў 1962 годзе ў будынку тэатра юнага гледача, дзе працаваў. Паводле следства, ён чытаў і распаўсюджваў рукапісныя зборнікі і анекдоты.
Адбываў пакаранне ў канцлагеры ў Мардовіі.
Пасля лагера працаваў у тэатрах: Магілёўскім абласным, нацыянальным імя М. Горкага.
rustheatre.by
1943 год. Альбертам Шатцам і Зельманам Ваксманам адкрыты антыбіётык стрэптаміцын.
Гэта першы прэпарат, які прынёс станоўчы эфект пры лячэнні туберкулёзу. У 1952 годзе Ваксман быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй па фізіялогіі і медыцыне.
tunnel.ru
1973 год. Нарадзіўся Аляксандар Хацкевіч.
Беларускі футбаліст і футбольны трэнер. Найлепшы футбаліст Беларусі 1998 і 2000 гадоў.
Футбаліст мінскага, кіеўскага «Дынама».
У 2014-2016 гадах узначальваў нацыянальную зборную Беларусі, з 2017 году – кіеўскае «Дынама».
1988 год. Заснаваны Мартыралог Беларусі і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронта “Адраджэнне” (БНФ).
БНФ — грамадска-палітычны рух за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасць Беларусі.
Аргкамітэт БНФ створаны па прапанове З. Пазняка на ўстаноўчым сходзе Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз кінематаграфістаў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі і рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва».
wikimedia.org