У Клімавічах змагаюцца з гвалтам да дзяцей, забыўшыся на лукашэнкаўскі наказ

У Клімавічах актыўна змагаюцца з гвалтам у дачыненні да дзяцей. Такую выснову можна зрабіць з паведамленняў раённай прэсы. Незразумелым застаецца адно – чаму мясцовыя органы ўлады не кіруюцца словамі свайго галоўнага начальніка адносна выхавання непаслухмяных дзяцей.

“У Клімавіцкім раёне праводзіцца акцыя “Не – жорсткасці і гвалту ў свеце дзяцінства!”. Пад такім загалоўкам апублікаваны артыкул на сайце клімавіцкай “Роднай нівы” 14 красавіка 2025 года. Акцыя праводзіцца ў рамках аналагічнага абласнога мерапрыемства, гаворыцца там. 

“Задачамі дадзенай штогадовай акцыі з’яўляюцца папярэджанне фактаў гвалту і жорсткасці ў дачыненні да дзяцей, у тым ліку злачынных дзеянняў, звязаных з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх; павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва па дадзеных праблемах; тлумачэнне адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам, за супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да дзяцей; распаўсюджванне станоўчага вопыту сямейнага выхавання” – цытуе выданне дырэктара Клімавіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алу Ларыёнаву.

Некалькімі днямі раней, а дакладней 11 красавіка 2025 года, газета пісала пра тое, што ў рамках акцыі «Сям’я без гвалту» прадстаўнікі службаў раёна на чале з інспектарам па справах непаўналетніх Юліяй Дабродзькінай наведалі шэраг сем’яў, якія стаяць на ўліку як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

І хоць “у наведаных сем’ях у большасці выпадкаў абышлося без сур’ёзных заўваг”, тым не менш “вельмі сумна бачыць такое, калі бацькі не выконваюць сваіх абавязкаў і ўласнае задавальненне ставяць вышэй клопату пра дзіця”.

А вось што раіў Лукашэнка

Бывае, што дзеці паводзяць сябе дрэнна. Але, калі не займацца ўсякага роду акцыямі, а прыслухацца да слоў таго, хто кіруе ў РБ, то праблему можна вырашыць хутка і кардынальна.

Яшчэ шэсць гадоў таму ён настаўляў бесталковых чыноўнікаў (а разам з імі і ўсіх грамадзян РБ), якія звольнілі гомельскую настаўніцу малодшых класаў за тое, што яна накрычала на вучня чацвёртага класа, пагражаючы забіць яго. Іншыя вучні знялі на відэа пагрозы настаўніцы і выклалі запіс у інтэрнэт. У  выніку выбухнуў скандал. 

“Паехалі, зладзілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А апісаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адвярнуў шчанюку нейкаму” – цытуе Лукашэнку яго афіцыйны сайт.

Настаўленне канкрэтнае – трэба “адварочваць галовы шчанюкам”, а не акцыі супраць гвалту розныя праводзіць. Калі, вядома, слухаць Лукашэнку.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

13 месяцаў праваабаронцаў утрымліваюць за кратамі. Усе трое праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі.

Іх зняволілі 14 ліпеня 2021 году і выставілі абвінавачванне ў «нясплаце падаткаў у буйным памеры».

Днямі Алесь Бяляцкі даслаў вестку з няволі.

«У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе – больш-менш. Цяпер – лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і не будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны», напісаў  ён.

Праваабаронцы заклікаюць дасылаць зняволеным калегам лісты падтрымкі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу).

Мікалай Статкевіч.

На паўгода пераведзены ў адзіночную камеру.

Пра тое стала вядома з допісу жонцы Марыне Адамовіч. Паводле яе за паўтара месяца ад мужа атрымала адразу два лісты.

Яна кажа, што яго кінулі ў адзіночку 5 жніўня у якасці пакарання.

Мікалая Статкевіча арыштавалі 30 траўня 2020 года і асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў асаблівага рэжыму. У чэрвені 2022 году яго перавялі з гомельскага СІЗА ў Глыбоцкую калонію.

Яўген Кіслейка.

Паводле праваабаронцаў, пераводзяць з «хіміі» у папраўчую калонію. 

Да этапавання туды яго будуць утрымліваць у мінскім СІЗА №1.

35-гадовы Кіслейка адбываў пакаранне ў сталічнай папраўчай установе адкрытага тыпу № 36, куды прыбыў 9 верасня 2021 года.

Яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі за крытычны каментар на адрас кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова. У допісе ўгледзелі «гвалт або пагрозу гвалту ў  дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».