Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

28 ліпеня яго не даставілі на судовым пасяджэнні.

Ён 18 дзён трымае сухую галадоўку – не п’е нават вады. Днямі яму стала блага ў судовай зале, а дзе ён цяпер невядома.

Прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем Аўтуховіч пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні. Яму перасталі даходзіць лісты нават ад прэстарэлай маці.

26 ліпеня дачка Аўтуховіча казала, што бацька аслабеў і паваліся, калі яго вялі на суд.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.


Раман Качына

17-гадовага хлопца ГУБАЗіК затрымаў за «распальванне варожасці». 

Пра тое пішуць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сілавікі сцвярджаюць, што ў 2020-ым годзе ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама «распальваў варожасць у адносінах да жыхароў Расійскай Федэрацыі». Пра тое затрыманы кажа ў «пакаяльным відэа».

Аўтара газеты «Прэсбол» сёлета скончыў школу і збіраўся паступаць на журфак. 


Аляксей Грыцкевіч

Асуджаны на 2 гады калоніі за паведамленні ў тэлеграм-чаце.

37-гадовага Мінскі абласны суд абвінаваціў у абразе Лукашэнкі і «распальванні сацыяльнай варожасці».

На судзе зняволены віну не прызнаў.

Праваабаронцы паведамляюць, што яго затрымалі 6 сакавіка. 28 чэрвеня КДБ унёс Грыцкевіча ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.


Яўген Бабак

Уключаны КДБ у спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці

12 мая яму прысудзілі чатыры гады калоніі.

Экс-пракурор вядомы тым, што ў жніўні 2020 года ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.

Яго затрымалі ў чэрвені 2021 года і пазней абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і распальванне варожасці.


Аляксандр Трафімаў

На волі.

У тэлеграм-каналах паведамляецца, што ўрача-гастраэнтэралога, які вядзе блог у Інстаграме, вызвалілі па адбыцці 72 гадзін з моманту затрымання.

Умовы вызвалення і яго статус невядомыя.