Велічная вежа старадаўняга вінзаводу бачная з Бабруйскага аўтавакзалу. Гасцей гораду яна сустракае жыццесцвярджальным надпісам на латыні «Vinitus Unitis» – «Згуртаванне вінаградараў».
Надпіс шмат разоў спрабавалі замазаць фарбай яшчэ ў савецкія часы, але не атрымалася.
Завод быў пабудаваны ў 1897 годзе і вылучаецца сярод звычайнай шэрай прамысловай архітэктуры імпазантнасцю канструктыўных рашэнняў.
Акрамя архітэктурных асаблівасцяў ён прываблівае даследчыкаў тым, што яго сцены выкладзеныя з цэглы чатырох іншых старадаўніх фабрык – братоў Лазінскіх, Разенберга, Пружыніных і Акуліча. Пра гэта сведчаць клеймы на ёй. Цэгла цяпер – аб’ект промыслу шматлікіх «марадзёраў», якія перапрадаюць яе на інтэрнэт-пляцоўках, часам па 15 рублёў за штуку.
За савецкімі часамі завод быў загружаны цалкам. На ім разлівалі грузінскія каньякі і віны. У часы незалежнай Беларусі ён аказаўся незапатрабаваным і паступова заняпаў.
Намаганні рэанімаваць прадпрыемства плёну не далі. Апошняя спроба прыцягнуць інвестара правалілася ў 2008 годзе – праект не прайшоў шматлікія ўзгадненні, і французскія вінаробы, якія цікавіліся былі абʼектам, не сталі рызыкаваць.
Юрыдычная асоба, якой належаў завод, ліквідаваная. У 2020 годзе прадпрыемства хацелі прадаць, але безвынікова. Не ўзяты вінзавод і на баланс гарвыканкаму, пісаў на пачатку жніўня 2022 года «Камерцыйны курʼер».
За гады прастою завод ператварыўся ва ўлюбёны абʼект для аматараў экстрэмальная адпачынку. Тут часта можна сустрэць гульцоў у лазертаг, страйкбол, або маладзёнаў, што караскаюцца па канструкцыях. Нават фотасесіі на развалінах ператвараюцца ў захапляльную прыгоду.
У сярэдзіне лета 2022 года на заводзе гараджане сталі заўважаць будаўнічую тэхніку – піша бабруйскі рэсурс 1387.by. Адзін са старых, цікавых будынкаў заводу ўжо цалкам зруйнаваны, і жыхары горада з трымценнем перажываюць, ці не будзе цалкам знішчаны ўнікальны, адметны комплекс, здольны надаць гораду турыстычны шарм і прывабнасць.
Працы на заводзе працягваюцца і зараз, а на месцы, дзе днём рыпяць экскаватары, па вечарах можна заўважыць аматараў даўніны, якія вышукваюць у друзе кавалкі каштоўнай цэглы.