Дзень у гісторыі: 2 жніўня. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл, за грошы якога выдалі першую карту беларускіх земляў. Пакутніцкая смерць паўстанца Міхаіла Валовіча. Завяршылася Патсдамская канферэнцыя, вынікам якой стала авалоданне Сталіным краін Усходняй Еўропы

1549 год. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл Сіротка.

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат.

Мікалай Крыштаф удзельнічаў у некалькіх ваенных кампаніях. За ваенныя заслугі атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. 

У час складання Люблінскай уніі, як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту і зрабіў гэта толькі пад пагрозай канфіскацыі зямель на Падляшшы. Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі, быў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Брэсце.

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, быў здольным дыпламатам.

З  ініцыятывы Радзівіла і за яго кошт выдадзена першая дакладная карта Вялікага Княства Літоўскага. Ён перапрацаваў свой дзённік падарожжаў і выдаў яго пад назвай «Перэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла» Пазней кніга двойчы перавыдавалася на латыні: у 1610 і 1753 гадах.

1719 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат. Крычаўскі стараста, канцлер вялікі літоўскі.

Валодаў шматлікімі мястэчкамі, у тым ліку Бялынічамі. Ваяваў супраць татараў і туркаў.

Падтрымліваў Уніяцкую царкву, заснаваў базыльянскі манастыр у Міры, будаваў касцёлы.

1833 год. Павешаны на загад расійскіх уладаў Міхаіл Валовіч.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне. У студэнцкія гады быў у шэрагах падпольнай арганізацыі філарэтаў – філаматаў.

Цела Міхаіл Валовіч уначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі, каб павешаны не стаў мучанікам, а месца пахавання не стала месцам пакланення.

Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-31 гадоў, якое, на яго погляд, не мела «агульначалавечай мэты», бо адпавядала інтарэсам шляхты. На яго погляд у вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народу на самастойнае развіццё.

1945 год. Завяршылася Патсдамская канферэнцыя «Вялікай тройкі» – кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікай Брытаніі: Сталіна, Трумэна і Чэрчыля па выніках Другой Сусветнай вайны.

Канферэнцыя прызнала новыя суадносіны сіл у Еўропе.

Сталін захаваў за сабой усе заваёвы Чырвонай Арміі ва Усходняй Еўропе і Германіі. Аўтарытарныя ўрады, заснаваныя ў гэтых краінах, існавалі аж да распаду СССР. Нямеччына была падзелена, а яе сталіца Берлін апынулася ў глыбіні савецкага сектару кантролю і ўплыву.

 

1953 год. Памёр Сяргей Скандракоў.

Навуковец-аграном, журналіст, краязнавец.

Прататып Кандаковіча ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Рэдактар-выдавец газеты «Голос Белоруссии», сузаснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук».

У 1930 годзе асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Па вызваленні заняўся навуковай і педагагічнай працаю. Рэабілітаваны судовай калегіяй у 1957 года.

Аўтар апавядання «Аграном Сэрадэля», навукова-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. Збярог жывапісныя творы Каруся Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Быў знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Дзень у гісторыі: 31 ліпеня. Перамога пад Лоевым. Нарадзіўся Ігнат Дамейка, паўстанец, выгнанец, нацыянальны герой Чылі. Канец бальшавіцкай квазідзяржавы Літбел. Будаўніцтва «хрушчовак». Памёр праваабаронца Аляксей Філіпчанка, які падпаліў сябе каля суда

1640 год. Нарадзіўся Міхал Карыбут-Вішнявецкі.

Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Яго валадаранне было няўдалым: аслабла каралеўская ўлада, дзяржава прайграла вайну з Асманскай імперыяй, страціла Падолле.

 


1649 год. Войска ВКЛ гетмана Януша Радзівіла разбіла 20-тысячнае казацкае войска ў бітве пад Лоевам.

Казакі пацярпелі цяжкае паражэнне. Страцілі больш за 10 тысяч чалавек. Войска Радзівіла таксама панесла значныя страты і адышло да Рэчыцы. Такім чынам, не выйшла нанесці ўдар у тыл асноўнаму войску Хмяльніцкага.

Гэты ўкраінскі гетман узняў паўстанне супраць Рэчы Паспалітай. З яго ініцыятывы быў заключаны саюз з Масковіяй у 1654 годзе. Пазней адумаўшыся, што пад царскай апекай нельга ўтварыць незалежнай дзяржавы, шукаў пагаднення з Трансільваніяй і Швецыяй.

 


1802 год. Нарадзіўся Ігнат Дамейка.

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг.

У 1819 уступіў у студэнцкі «Саюз сяброў», затым у Таварыства філаматаў разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў канспіратыўнае імя Жэгота, пад гэтым імем яго згадвае у паэме «Дзяды» Адам Міцкевіч.

Быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў лістападзе 1823 года. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Па яго здушэнні вымушаны быў пакінуць родны край і большую частку жыцця аддаў краіне ў Паўднёвай Амерыцы – Чылі.

Нацыянальны герой Чылі. Яго імем названы ўніверсітэт у Чылі, вуліцы ў 10 гарадах гэтай краіны, а таксама ў Вільні, Навагрудку.

Таксама названыя ў яго гонар – малая планета, мінерал, некалькі відаў раслін і шмат іншага.


1817 год. Нарадзіўся Ігнат Храпавіцкі.

Паэт і фалькларыст, грамадскі дзеяч, руплівец вызвалення сялян ад прыгону.

Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэту.

Аўтар працы «Погляд на паэзію беларускага народу» – першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкі беларускай фальклорнай спадчыны.


1920 год. Спыніла існаванне Літоўска-беларуская ССР (Літбел, 27 лютага-31 ліпеня) і адбылося другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўнае ўтварэнне, якое з’явілася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі бальшавікоў 27 лютага 1919 шляхам аб’яднання часткі Беларусі і Літвы. Сталіцай была абвешчаная Вільня.

У красавіку-верасні 1919 тры чвэрці Літбелу былі занятыя польскімі войскамі. Органы ўлады квазідзяржавы часткова ліквідаваны паводле рашэння бальшавікоў.

Па падпісанні мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Літвой 12 ліпеня 1920 і другога абвяшчэння незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь 31 ліпеня 1920, Літбел юрыдычна спыніла існаванне.


1957 год. Нараджэнне «хрушчовак».

ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову «Аб развіцці жыллёвага будаўніцтва ў СССР» з якой пачалася эпоха масавага буйнапанэльнага домабудавання.

У гарадах пачалі ўзводзіць мікрараёны стандартных пяціпавярховікаў з невялікімі кватэрамі – з «хрушчоўкамі».

Архітэктар адной з серыяў такіх дамоў Віталій Лагуценка нарадзіўся ў Магілёве.


1989 год. Нарадзілася Вікторыя Азаранка.

Беларуская тэнісістка. Экс-першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема, алімпійская чэмпіёнка.


1998 год. Памёр Аляксей Філіпчанка.

Юрыст, праваабаронца.

Пачаў прафесійную кар’еру ў раённай пракуратуры ў 1978 годзе, хутка стаў абласным следчым у асабліва важных справах. Спецыялізаваўся на «пярэваратнях»: пракурорах, суддзях, міліцыянтах. Удзельнік спецыяльнай групы пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася справай віцебскага маньяка Міхасевіча.

З прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі публічна заяўляў, што праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадства.

Як праваабаронца дапамагаў адстойваць інтарэсы свабодным прафсаюзам і грамадскім структурам. Не здолеўшы абараніць адну з кліентак учыніў акт самаспалення на знак пратэсту супраць бяздзейнасці судовых чыноўнікаў. 23 дні знаходзіўся ў рэанімацыі.


У публікацыі выкарыстоўваюцца звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


Дзень у гісторыі. Паланенне Чарадзея. Нарадзіўся Антон Марціноўскі, быўшы палякам любіў Беларусь. Нарадзіўся Тэсла, паказаў чалавецтву перспектывы бесправадной перадачы току. Лукашэнка стаў кіраўніком Беларусі

10 ліпеня 1067 года полацкі князь Усяслаў Брачыславіч трапіў у палон да кіеўскіх князёў Яраславічаў.

У зняволенні быў больш за 14 месяцаў. Падчас паўстання яго вызвалілі і абвясцілі Вялікім князем кіеўскім. У Кіеве на велікакняжацкай пасадзе Усяслаў прабыў 7 месяцаў, а пасля вярнуўся ў Полацк.

У Полацку валадарыў – 54 гады. Займеў мянушку Чарадзей.

Адстойваў і пашыраў Полацкае княства. Падчас яго княжання быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор – найранейшае манументальнае архітэктурнае збудаванне ў Беларусі. Адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору.

10 ліпеня 1781 года нарадзіўся Антон Марціноўскі.

Выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі.

Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы.

Марціноўскі лічыцца, для часу, якім жыў, узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: быўшы палякам, любіць Беларусь, а быўшы беларусам, любіць Польшчу.

10 ліпеня 1856 года нарадзіўся Нікола Тэсла.

Фізік, вынаходнік у галіне электрычнасці, магнетызму і электратэхнікі.

Першым звярнуў увагу на фізіялагічнае ўздзеянне токаў высокай частаты, публічна прадэманстраваў бесправаднае перадаванне высокачастотнага току на лямпы і рухавікі.

Быў ключавой фігурай пры будаўніцтве першай гідраэлектрастанцыі на Ніягарскім вадаспадзе. Адзінка вымярэння магнітнай індукцыі ў сістэме СІ носіць назву ў гонар даследчыка.

Распрацаваў прынцыпы дыстанцыйнага кіравання, асновы лячэння токамі высокай частаты, стварыў першыя электрычныя гадзіннікі, рухавік на сонечнай энергіі, машыну-тэлепартатар.

10 ліпеня 1900 года нарадзіўся Пётра Сергіевіч.

Мастак, актыўны дзеяч беларускага адраджэння.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1965).

Яго творчасць вызначаецца прасякнутая цікаўнасцю да самабытнасці беларускай народнай культуры, рамантычнасцю.

Яго творы прысвечаны беларускім гістарычным асобам. Значнае месца ў творчасці  займалі купалаўская тэма, жыццё Заходняй Беларусі.

10 ліпеня 1942 года нарадзіўся Пётр Клімук.

Беларускі касманаўт палітычны дзеяч.

Адзначаны вялікай колькасцю савецкіх узнагарод. У трэцім палёце ў космас у 1978 годзе адправіўся разам з польскім касманаўтам Міраславам Гермашэўскім.

Пётр Клімук аўтар дзвюх кніг пра касмічныя палёты – «За зорамі» і «Атака на бязважкасць».

10 ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка стаў кіраўніком Беларусі.

Пасля масавых пратэстаў 2020 году і пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі яго статус застаецца нявызначаным. Краіны захаду не прызнаюць яго прэзідэнтам. За час кіраўніцтва Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі і ўспрымаецца, як саўдзельніца поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу “Вікіпедыя” і з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц