У гістарычнай вобласці Таскана археолагі адкапалі адразу 24 старажытныя бронзавыя скульптуры, якія выдатна захаваліся.
Столькі статуй адразу яшчэ ніколі ў Італіі не знаходзілі. Апошняе адкрыццё падобнай каштоўнасці адбылося 50 гадоў таму. Частка экспертаў лічаць, што патэнцыйна знаходка можа “перапісаць гісторыю” і істотна дапоўніць нашы веды аб Старажытным Рыме – піша BBC.
Італьянскія археолагі нечакана для сябе выявілі 24 старажытныя статуі старажытнарымскіх багоў – Гігею, Апалона і іншых узростам каля 2300 гадоў. Скульптуры знайшлі ў раёне руін старажытнарымскіх лазняў у камуне Сан-Кашана-дэі-Баньі, у правінцыі Сіена, прыкладна за 160 км ад Рыма.
Адкапалі творы мастацтва непасрэдна пад старажытнарымскімі тэрмамі, разам з 6000 бронзавымі, сярэбранымі і залатымі манетамі. Джакапо Таболі, малодшы прафесар Універсітэта для замежнікаў у Сіене, які ўзначальвае археалагічныя працы, мяркуе, што статуі маглі пагрузіць у тэрмальныя воды ў рамках нейкага рытуалу. “Ты даеш нешта вадзе, таму што спадзяешся, што вада дасць табе нешта наўзамен” – тлумачыць ён псіхалогію насельнікаў старажытнага свету.
Перыяд з другога стагоддзя да нашай эры да першага стагоддзя нашай эры быў для старажытнай Тасканы часам, калі правінцыя з этрускай стала старажытнарымскай. Таболі адзначае, што так шмат этрускіх і старажытнарымскіх статуй з бронзы і тэракоты ў Італіі яшчэ не знаходзілі.
“Гэта ўнікальна яшчэ і таму, што большасць да гэтага часу выяўленых намі статуй гэтага перыяды былі тэракотавымі” – дадае навуковец.
Масіма Асанна, кіраўнік упраўлення дзяржаўных музеяў Італіі, называе знаходку найважнейшай з 1972 года. Тады археолагі знайшлі бронзавых “ваяроў з Рыачэ” – пару, якія адлюстроўвалі ваяроў, скульптур з бронзы, зробленых у 460-450 гадах да н. э. “Гэта безумоўна адна з самых значных бронзавых знаходак у гісторыі старажытнага Міжземнамор’я” – кажа ён.
Зараз статуі закансервуюць і адрэстаўруюць у лабараторыі найбліжэйшага горада Гросетта, а затым выставяць у музеі Сан-Кашана-дэі-Баньі.
Фотаздымкі: EPA, REUTERS