У Магілёўскай вобласці за першы квартал 2025 года сітуацыя з пажарнай бяспекай істотна пагоршылася — зафіксаваны 273 пажары, у выніку якіх загінулі 40 чалавек.
Паводле звестак інфармацыйнай службы абласной пракуратуры, на якiя спасылаеца БелТА, большасць ахвяр — пенсіянеры і непрацуючыя грамадзяне. Асноўнымі прычынамі трагедый сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём і курэнне, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення: 31 загінулы быў нецвярозым.
Праверка пракуратуры выявіла сур’ёзныя недапрацоўкі з боку органаў прафілактыкі. Парушэнні датычыліся фармальнага падыходу да ліквідацыі пагроз у жыллёвым фондзе і ігнаравання выпадкаў небяспечных умоў пражывання. Так, у адным з трагічных інцыдэнтаў у Круглянскім раёне загінулы ўтрымліваў дом у антысанітарным стане, але замест прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці атрымаў толькі папярэджанне.
Былі выяўлены і сістэмныя памылкі ў працы мясцовых уладаў. У шэрагу сельсаветаў не вяліся ці не актуалізаваліся спісы адзінока пражываючых пажылых людзей і асоб, схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. У выніку пракурорская праверка паказала, што доля домаўладанняў з прыкметамі небяспечнага пражывання ў некаторых раёнах можа дасягаць 70%, у той час як мясцовыя справаздачы фіксавалі толькі 16%.
У сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала прадстаўленне ў аблвыканкам з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя недахопы і забяспечыць рэальнае выкананне нормаў пажарнай бяспекі. Выкананне прадпісанняў знаходзіцца пад кантролем нагляднага органа.
Варта адзначыць, што па стане на 21 красавіка 2025 года, згодна з інфармацыяй, апублікаванай на афіцыйным сайце Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, у красавіку 2025 года ў Магілёўскай вобласці быў зафіксаваны прынамсі адзін выпадак гібелі чалавека на пажары.
Фотаздымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц