Міжнародны дзень барацьбы за знішчэньне галечы (з 1993 года)
Дзень, калі свет можа актыўна прыцягнуць увагу да нягод людзей, якія жывуць у беднасці.
Дарэчы, галеча – гэта парушэнне правоў чалавека.
У свеце 1,3 мільярды чалавек жывуць ва ўмовах шматмернай галечы, прычым амаль палова з іх – дзеці і моладзь. Пандэмія COVID-19 яшчэ больш ускладніла праблему галечы.
Людзі, якія жывуць у галечы, сутыкаюцца з многімі праблемамі, якія пазбаўляюць іх магчымасці ажыццяўляць свае правы і змагацца з галечай, у тым ліку: небяспечныя ўмовы працы; небяспечнае жыллё; недахоп здаровай ежы; няроўны доступ да правасуддзя; адсутнасць магчымасці ўдзелу ў палітычным жыцці; абмежаваны доступ да паслуг аховы здароўя.
1604 год: Войска Ілжэдзмітрыя I перайшло мяжу Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы.
Ілжэдзмітрый I – рускі цар з 1 чэрвеня 1605 па 27 мая 1606 года.
Прыйшоў да улады ў Маскве дзякуючы падтрымцы Жыгімонта Вазы, К. Астрожскага, Л. Сапегі, Чартарыйскіх, Мнішкаў і маскоўскіх баяр.
1865 год. На Беларусі нарадзіўся Люцыян Жалігоўскі.
Генерал, дзяржаўны і ваенны дзеяч Сярэдняй Літвы і Польшчы.
Служыў у расійскай арміі, удзельнік руска-японскай вайны 1904-1905 гг., Першай сусветнай вайны.
З ліпеня 1917 года служыў у 1-м польскім корпусе генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, камандаваў дывізіямі, змагаўся з бальшавікамі каля Рагачова, на Кубані. Камандзір 1-й літоўска-беларускай дывізіі.
8 кастрычніка 1920 года захапіў Вільню, 12 кастрычніка абвясціў аб стварэнні Сярэдняй Літвы.
У 1925-1926 гадах – ваенны міністр Польшчы, у 1926-1927 – інспектар арміі.
У 1939 годзе эміграваў у Вялікабрытанію, быў членам Нацыянальнай рады пры эмігранцкім польскім урадзе.
1900 год. Нарадзіўся Ібрагім Гембіцкі.
Беларускі графік. Скончыў Маскоўскі акадэмічны мастацкі інстытут.
Дыпломная работа ў тэхніцы дрэварыту – ілюстрацыі да аповесці Я. Коласа «Дрыгва» (1938), чатыры аркушы з яе купленыя Маскоўскім музеем выяўленчых мастацтваў.
У пачатку 1930-х арыштоўваўся НКУС.
Працаваў у станковай графіцы ў тэхніках дрэварыту і каляровай лінагравюры.
Вылучаўся цікаўнасцю да стварэння шматфігурных кампазіцый.
Памёр у 1974 годзе.
art-minsk.by
1919 год. Міністэрствам унутраных спраў Польшчы зацверджаны статут Беларускага камітэта ў Варшаве.
Беларускі камітэт — беларуская грамадска-палітычная арганізацыя ў Варшаве ў 1919 – 1927 гадах.
У камітэт увайшлі ўраджэнец Мсціслаўшчыны Л. Дубейкаўскі (старшыня), Г. Леўчык (сакратар), Р. Зямкевіч, Я. Натусевіч, В. Грыневіч і іншыя.
Паводле статута меў права «развіваць сваю дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Польшчы ў рэчышчы культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць пражываючых тут беларусаў».
На фота – Л.Дубейкаўскі,wikimedia.org
1924 год. У Пінску заснаваны Музэй Беларускага Палесся.
Адкрыўся для наведвальнікаў у 1926 годзе.
Фонды налічваюць больш за 66 тысячаў адзінак экспанатаў і болей за 15 тысячаў навукова-дапаможнага фонду.
Калекцыя лічыцца другой па значэнні пасля збораў Нацыянальнага мастацкага музея..
Размешчаны ў будынку былога калегіума езуітаў.
1937 год. Нарадзіўся Мікалай Чаргінец.
Беларускі рускамоўны пісьменнік, палітык. Генерал-лейтэнант унутранай службы. “Народны пісьменнік Беларусі” (2022).
Працуе ў дэтэктыўным жанры, увёў у рускамоўную літаратуру Беларусі так званы міліцэйскі дэтэктыў.
Аўтар каля паўсотні кніг мастацкай прозы, большасць з іх – вострасюжэтныя дэтэктывы.
Па яго творах пастаўлены фільмы, серыялы.
Раскалоў Саюз беларускіх пісьменнікаў, стварыўшы альтэрнатыўны пісьменніцкі саюз для лаяльных Лукашэнку. У выніку гэтага расколу сапраўдныя Народныя пісьменнікі Беларусі дзесяцігоддзямі былі пазбаўленыя чытача і падтрымкі, а прыслужлівыя графаманы атрымалі лаўры і ласку ад уладаў.
Пры кіраванні Чаргінца Саюзам пісьменнікаў Беларусі (2005-2022) наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зменшыўся амаль у 10 разоў.
З яго ведама імёны шэрагу вядомых пісьменнікаў былі ўнесены ў так званыя «чорныя спісы» дзяржаўных выдавецтваў.
wikimedia.org
1961 год. У Маскве, упершыню ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў, пачаўся XXII з’езд КПСС.
Працаваў да 31 кастрычніка.
На ім была аб’яўлена задача пабудовы камуністычнага грамадства да 1980 года.
А гэта азначала, што СССР перагоніць па эканоміцы капіталістычныя краіны, выйдзе на першае месца па вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва, на самы высокі ў свеце жыццёвы ўзровень, будуць ліквідаваны класавыя адрозненні, адрозненні паміж горадам і вёскай, паміж фізічнай і разумовай працай, у краіне ўсе грамадзяне будуць прымаць удзел у кіраванні грамадскімі справамі.
Падарункамі з’езду сталі: самая буйная ў Еўропе Валгаградская ГЭС, выбух самай магутнай тэрмаядзернай бомбы на Новай Зямлі.
wikimedia.org
1964 год. Каля Рэчыцы адкрыта першае прамысловае радовішча нафты на Беларусі.
Першая беларуская нафта была атрымана ў Ельскім раёне ў 1953 годзе.
Зараз на Беларусі 90 радовішчаў нафты ў Гомельскай і Магілёўскай (Глускі раён) абласцях.
Самым эфектыўным радовішчам застаецца Рэчыцкае. Большасць яго свідравін даюць больш за 100 тон нафты за суткі.
За апошнія пяць гадоў было адкрыта пяць новых радовішчаў, усё – у Хойніцкім раёне.
У 2022 годзе плануецца выйсці на здабычу 1 800 тысяч тон.
Залатымі гадамі беларускай нафтаздабычы лічацца 1970-я. У 1978 годзе яе прыток склаў 7,9 млн тон. Для параўнання: у мінулым 2021-м, толькі 1 737 тысяч тон.
belmir.by
1990 год. Адбылася прэм’ера спэктаклю «Тутэйшыя» ў Купалаўскім тэатры.
Спектакль па аднайменным творы Янкі Купалы пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Пінігіным.
У 1992 годзе «Тутэйшыя» атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Напрыканцы спэктаклю на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сцяг.
Пасля 1995 году, гэта было не даспадобы афіцыйным уладам. На паўтара года спектакль быў фактычна забаронены. Пасля спарадычна даваліся паказы, потым спектакль знік з рэпертуару.
Да 125-годдзя Янкі Купалы 5 ліпеня 2007 году спектакль быў паказаны ізноў. Адміністрацыя тэатра спрабавала не дапусціць на паказ журналістаў і не дазваляла рабіць фатаздымкі.
У траўні 2010 году спектакль у пастаноўцы Пінігіна зняты з рэпэртуару.
«Тутэйшыя» — гэта ня проста спэктакль. Гэта цэлая эпоха, прычым не толькі ў нашым тэатральным існаванні, але – у беларускім культурным жыцці”, – сцвярджае Леанід Дранько-Майсюк.
1999 год. У Мінску адбыўся «Марш свабоды» ў падтрымку незалежнасці.
Мерапрыемства скончылася масавымі сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй і салдатамі ўнутраных войск і шматлікімі арыштамі.
У розныя моманты шэсця колькасць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысяч чалавек.
У выніку сутыкненняў пацярпела больш за 50 міліцыянераў і салдатаў, арыштавана больш за 100 удзельнікаў “Маршу Свабоды”.
ciwr.org
2004 год. У Беларусі прайшоў трэці рэферэндум у гісторыі краіны. Праведзены ў адзін дзень з парламенцкімі выбарамі. На рэферэндум было вынесенае пытанне: «Ці дазваляеце Вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. удзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта?». Рэферэндум, як і яго вынікі, міжнароднай супольнасцю прызнаныя нікчэмнымі.
2005 год. Невядомымі забіты ў сваім доме ў Заслаўе Васіль Гроднікаў.
Беларускі журналіст, пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі».
Пісаў матэрыялы на вострыя палітычныя і сацыяльныя тэмы. Лаўрэат прэміі імя Анатоля Майсені.
У паведамленні судова-медыцынскага экспэрта пракуратуры было адзначана, што журналіст памёр у выніку «кантакту з тупым прадметам».
Генеральная пракуратура адмовілася пачынаць крымінальную справу па факце смерці журналіста.
Перад смерцю журналіст працаваў над матэрыялам, прысвечаным кватэрным махінацыям у Маладзэчна «Кідалы-3» – працягам серыі публікацый, дзе ўзгадваліся супрацоўнікі КДБ і МУС.