«Фотаальбом Магілёў.media». Успамін пра апошнія дні лета з тым, што ўрадзіла

Мілая дачніку карціна, калі на ягоных палетках пасеянае ўвесну ўзышло ды саспела. Пра ўрод на сваіх сотках ён гатовы апавядаць гадзінамі, чакаючы ад суразмоўцы захаплення ды зайздрасці. Каб пераканаць яго ён абавязкова нечым свойскім пачастуе. Уважліва выслухае калегу пра гісторыю ягоных поспехаў на зямлі.

Падслухоўваць такія гаворкі найчасцей даводзіцца ў прыгарадных цягніках. Дарогаю да лецішча, ці з яго, з наладаванымі торбамі садавіны ды гародніны, дачнікі з выглядам дасведчаных аграрыяў расказваюць адзін аднаму сакрэты свайго майстэрства. 

Гэта нічога, што ўсё свядомае жыццё яны аддалі гораду. Папросту беларуса цягне да зямлі. У ёй яго сіла і ўпэўненасць, што заўтра абавязкова надыдзе і ўсё будзе добра.

Пра тое напісаў Магілёў.media яго чытач. Разам з развагамі пра «сялянскую душу беларуса» ён даслаў серыю фотаздымкаў з поспехамі сваёй аграрнай чыннасці. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.