Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі выклаў на сваёй старонцы ў Facebook каляровую выяву плана Бабруйска 1794 года. Гэта адзін з самых ранніх вядомых планаў горада, а каштоўнасці яму дадае высокая дэталізацыя планіроўкі. На выяве можна пабачыць, якім быў горад да зносу большай часткі гістарычных будынкаў падчас будаўніцтва Бабруйскай крэпасці.
“Не тое, каб [гэты план быў раней] невядомы. – гаворыцца ў публікацыі – Зробленая на яго падставе прамалёўка прысутнічае ў беларускіх энцыклапедыях (“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, “Вялікае Княства Літоўскае”). Аднак, арыгінал змяшчае значна больш цікавых дэталяў.”
З усёй забудовы, што ёсць на плане, да нашага часу захаваўся толькі адзін будынак – гаўптвахта, перабудаваная з касцёла. Яе можна пабачыць тут.
“У Рагачоўскай браме фартэцыі часам выпадае цэгла-пальчатка. – пракаментаваў публікацыю адзін з карыстальнікаў Тэлеграм-канала “Спадчына” – Другая ітэрацыя старажытнага Бабруйску, так бы мовіць, адзіны шанец дакрануцца. Больш у на тэрыторыі нідзе ўжываньня старой пальчаткі не заўважаў.”
Выява: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі