Сусветны дзень мора (World Maritime Day, з 1978 года). Адзначаецца ў апошні чацвер верасня.
Мэта – ацаніць важнасць марской галіны і падкрэсліць неабходнасць забеспячэння бяспекі на моры, надзейнасці марскога суднаходства і захаванасці марскіх асяроддзяў.
Беларусы не маюць выхадаў да мора, але вельмі гэтага прагнуць.
Яны памятаюць, што Вялікае княства Літоўскае было ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Свае буйныя вадасховішчы называюць морамі, напрыклад, Мінскае мора.
Нават, некаторы час Беларусь мела свой марскі флот у балтыйскіх партах.
Сусветны дзень сэрца (World Heart Day, з 1999 года).
Праводзіцца пад дэвізам “Сэрца для жыцця”.
Мэта – павысіць усведамленне ў грамадстве небяспекі, якая выклікана эпідэміяй сардэчна-сасудзістых захворванняў у свеце. А таксама ініцыяваць усёабдымныя прафілактычныя меры ў дачыненні да ішэмічнай хваробы і мазгавога інсульту ва ўсіх групах насельніцтва.
Сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яўляюцца адной з вядучых прычын смерці ў свеце. Яны штогод выносяць да 20 мільёнаў чалавечых жыццяў у свеце.
80% выпадкаў заўчаснай смерці ад інфарктаў і інсультаў можна прадухіліць, калі весці здаровы лад жыцця, адмовіцца ад тытуню, кантраляваць харчаванне і фізічную актыўнасць.
1529 год. Зацверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага.
Першы збор законаў феадальнага права, помнік старабеларускай юрыдычнай думкі і пісьменнасці.
Складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў.
Выданне Статута вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры.
1939 год. Знішчаны абраз Будслаўскай Маці Божай.
Атрад чырвонаармейцаў расстраляў цудатворны абраз.
Адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі.
Знаходзіцца ў Касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Будслаў.
Адноўлены ў 1991 годзе.
Абраз напісаны невядомым майстрам у ХVI стагоддзі.
Падараваны ў 1598 годзе Папам Рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва.
Паводле іншых звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе.
1823 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).
Беларускі і польскі паэт, публіцыст, этнограф.
Падарожнік па Беларусі, Літве, Польшчы.
Творчасць Сыракомлі адметная палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі Бацькаўшчыны, асаблівасцяў нацыянальнай псіхалогіі беларусаў.
Яго імем названы вуліцы ў Нясвіжы, Мінску, Варшаве.
1880 год. Нарадзіўся Сяргей Сахараў.
Беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.
Старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі.
Збіральнік беларускага фальклору Латгаліі, аўтар прац «Православные церкви в Латгалии», «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў», «Народное творчество латгальских и илукстенских белорусов».
Даследчык беларускай дуды.
1891 год. У в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна нарадзіўся Аркадзь Смоліч.
Адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Географія Беларусі».
Першы беларускі прафесар геаграфіі.
Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук.
Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.
Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.
Расстраляны ў 1938 годзе.
1931 год. Нарадзілася Фаіна Кірылава.
Беларускі матэматык, член-карэспандэнт НАН Беларусі.
Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
Заслужаны дзеяч асветы В’етнама, Беларусі.
Аўтар навуковых даследаванняў у галіне тэорыі аптымальнага кіравання.
1932 год. Нарадзіўся Міхась Рагалевіч.
Беларускі мастак.
Працаваў ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі.
Аўтар шматлікіх жывапісных твораў, графічных партрэтаў.
Творы адметныя самабытнасцю мастацкай мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
1946 год. У в. Пятровічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Гайшун.
Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.
Аўтар больш за 250 навуковых прац па дыферэнцыяльных ураўнаннях, тапалагічнай дынаміцы і ўстойлівасці абстрактных дынамічных сістэм.
Распрацаваў тэорыю мнагамерных дыферэнцыяльных ураўнанняў, многапараметрычных дыферэнцыяльна-рознасцевых і дыскрэтных сістэм.
1958 год. Нарадзіўся Адам Глобус (Уладзімір Адамчык). Беларускі пісьменнік, мастак, выдавец.
Аўтар вершаў, 16 кніг і зборнікаў паэзіі, апавяданняў, піша хоку.
1959 год. Нарадзіўся Вітаўт Мартыненка.
Беларускі журналіст, пісьменнік, паэт, музычны крытык.
Працаваў у розных СМІ, на «Радыё Свабода».
Арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад.
Сустваральнік першага ў Беларусі рок-клуб «Няміга» (1985).
Сурганізатар фэстаў «Тры колеры», «Басовішча».
Аўтар музыказнаўчых кніг, шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця.
“Натуральны Курт Кабейн беларускай музжурналістыкі».
2017 год. Памёр Дзмітрый Смольскі.
Кампазітар і педагог, Народны артыст.
Аўтар сімфоніяў, опер, сярод якіх «Сівая легенда», «Францыск Скарына». Дыск з запісамі яго сімфоніяў, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.