Магілёўская каманда займае апошні радок у турнірнай табліцы, маючы па выніках 14 гульняў у Вышэйшай лізе ўсяго 6 ачкоў. Верагодна, менавіта гэта стала прычынай ратацыі ў трэнерскім штабе.
Папярэдні галоўны трэнер, Яўген Молчан, які ўзначальваў “Днепр” са студзеня 2022 года паніжаны ў статусе, але захаваў месца ў трэнерскім штабе. На яго месца прызначаны Юрый Лукашоў, які займаў пасаду асістэнта Молчана – паведамляе прэс-служба магілёўскага клуба.
Характэрна, што Лукашоў ужо двойчы з’яўляўся галоўным трэнерам “Дняпра”, у сезонах 2014-2015 і 2018-2019, і абодва разы клуб пакідаў Вышэйшую лігу. Тады Лукашову адводзілася роля “пажарнага”, які павінен быў выратаваць каманду ад паніжэння ў статусе, і кожнага разу цуда не адбывалася.
16 ліпеня “Днепр” правядзе хатнюю сустрэчу з мозырскай “Славіяй”, што месціцца на восьмым радку – роўна ўсярэдзіне турнірнай табліцы.