У Расіі заявілі, што выкрытыя забойцы дачкі філосафа і палітолага Аляксандра Дугіна

Як сцвярджае Федэральная служба бяспекі, забойства Дар’і Дугінай учынілі спецслужбы Ўкраіны.

Паводле расійскіх спэцслужбістаў, устаноўленая выканаўца забойства – гэта грамадзянка Ўкраіны Наталля Воўк.

У ФСБ лічаць, што Воўк разам з 12-гадовай дачкой прыехала ў Расію 23 ліпеня і здымала кватэру ў доме, дзе жыла Дугіна, каб збіраць інфармацыю пра яе, піша інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости», спасылаючыся на цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ.

Па ўчыненні злачынства Воўк разам з дачкой выехала праз Пскоўскую вобласць у Эстонію, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Дар’я Дугіна загінула ўвечары 20 жніўня, пісаў Магілёў.media.

Яна знаходзілася за рулём аўтамабіля, які быў, паводле сьледства, узарваны з дапамогай дыстанцыйнага прыстасавання ў Падмаскоўі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Забойства, здзейсненае агульна небяспечным спосабам».

21 жніўня Ўкраіна заявіла, што не мае дачынення да падрыву машыны Дугінай.

У эфіры нацыянальнага тэлемарафону дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта краіны Міхаіл Падаляк заявіў, што «Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, якой зʼяўляецца Расійская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава».

На думку Падаляка, забойства Дугінай сведчыць аб барацьбе за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расіі, і расійскія ўлады будуць выкарыстоўваць яго, каб павелічыць «ідэалагічны інфармацыйны ціск» на расійскае грамадства для павышэння градуса нянавісці да Украіны і радыкалізацыі ўнутранага палітычнага дыскурсу.


Дар’я Дугіна нарадзілася ў 1992 годзе. Скончыла філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і працавала палітычным аглядальнікам Міжнароднага еўразійскага руху. У ліпені 2022 года была ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

Яе бацьку, Аляксандра Дугіна, лічаць ідэолагам так званага «рускага свету», рашызму. Ён заснавальнік і лідар «Міжнароднага еўразійскага руху». Аўтар «рашысцкай» геапалітычнай кнігі «Асновы геапалітыкі: геапалітычная будучыня Расеі». З 2014 году ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюзу, а з 2015 года і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады. Ён таксама у спісе асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Фігурант базы цэнтру « Міратворца».

фота: bukinfo.com.ua