Інфармацыю пра пачатак працэсу ліквідацыі ПУП “Кнігазбор” размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбук выдавец Генадзь Вінярскі.
– Вось і скончылася мая эпапея выдаўца. – напісаў ён у ФБ – 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменняў кніг, сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі, выставы… Сёння здаў у Міністэрства інфармацыі Пасведчанне выдаўца.
У хуткім часе пачнем працэс ліквідацыі ПУП “Кнігазбор”.
Наша даведка.
«Беларускі кнігазбор» — кніжны праект класікі беларускай літаратуры і літаратуры пра Беларусь ад старажытнасці да нашых дзён. Заснаваны Міжнародным Фондам «Беларускі кнігазбор» ў 1995 годзе. Асноўная дзейнасць — падрыхтоўка кніг праекта.
Ідэя была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цвіркам. Сярод заснавальнікаў Фонда былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, Г. Бураўкін, А. Клышка, К. Цвірка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, А. Баршчэўскі і іншыя.
Распачыналі дзейнасць тры чалавекі — К. Цвірка (прэзідэнт), Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч.
Першай надрукаванай кнігай стала «Ян Чачот. Выбраныя творы» (1996). Першыя тамы Фонд выдаваў пры частковай дзяржсубсідыі, пазней – за ўласныя сродкі і пры дапамозе спонсараў. Наклады першых тамоў былі ад 4 000 да 10 000 («Філаматы і Філарэты»).
У 2006 годзе змянялася назва з МФ «Беларускі кнігазбор» на МГА «Беларускі кнігазбор» і на МГА «Белкнігазбор». Пад канец 2018 года Аб’яднанне спыніла сваю дзейнасць, але каардынаванне працы па збору і апрацоўцы матэрыялаў, па падрыхтоўцы да друку кніг праекта «Беларускі кнігазбор» працягвала ПУП «Кнігазбор» выдаўца Г. Вінярскага.