Нашчадкі клімавіцкіх яўрэяў наведаліся ў горад, каб адшукаць мацэвы сваіх продкаў

Менахем-Мендл, Леві і Міхаіл разам з блізкімі сваякамі прыехалі ў Клімавічы, каб пабыць на магілах сваіх дзядоў і прадзедаў.

У Клімавічы наведаліся рабін Менахем-Мендл Альпяровіч з Магілёва, рабін Леві Камянецкі з Томска і Міхаіл Шагалаў з Масквы. Мужчынаў паміж сабой аб’ядноўвае не толькі сяброўства, але і агульныя карані, бо ва ўсіх продкі жылі ў Клімавічах і пахаваныя на мясцовых яўрэйскіх могілках.

Менахем-Мендл Альпяровіч і Леві Камянецкі – далёкія сваякі. У іх агульны прапрадзед Мардэхай Пэўзнер, які быў адным з сябраў абшчыны Хабад у Клімавічах. Пэўзнер набыў шырокую вядомасць як выдумшчык нігуноў, некаторыя з якіх пад назвай «Мелодыі Клімавічаў» захаваліся і ўзнаўляюцца дагэтуль.

Госці горада разам з прадстаўніком грамадскай арганізацыі «Магілёўская габрэйская абшчына» Ідай Шэндэровіч спачатку наведаліся на магілы продкаў, каб дасканала вывучыць мацэвы, а пасля прайшліся па вуліцы Пралетарскай, на якой некалі пражывала шмат яўрэяў. 

Акрамя таго сямейная дэлегацыя пабывалі каля памятнага знака, які быў усталяваны на месцы масавага растрэлу яўрэяў у 1941 годзе. Прычым дзеці паклалі на магільную пліту каменьчыкі, што згодна яўрэйскай традыцыі, сведчыць пра памяць аб продках – паведамляе раённая клімавіцкая газета “Родная ніва”.

Адзначым, што Клімавічы ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з’яўляліся адным з цэнтраў Любавіцкага хасідызму – рэлігійнага кірунку, які да гэтага часу застаецца адной з найбольш шматлікіх плыняў у юдаізме (Хабат). 

У мястэчку, якое яўрэі называлі Клімэвіч жылі нашчадкі сям’і заснавальніка Хабата Шнэура Залмана (Шнэйрсана) з Ляд і яго паслядоўнікі. З Клімавічаў бяруць пачатак карані многіх вядомых рэлігійных дзеячаў, якія жывуць зараз у розных краінах свету.

Фота: “Родная ніва”

Магілёўскія яўрэі закапалі на могілках гару кніг – так патрабуе закон

Магілёўская яўрэйская абшчына размясціла ў сваім Фэйсбуку паведамленне пра рытуальнае пахаванне кніг. Згодна з яўрэйскім законам, святыя прадметы і святыя тэксты, якія прыйшлі ў непрыдатнасць, нельга проста выкінуць і вядома іх нельга знішчаць, а неабходна пакласці іх у “Гніза” – “на захоўванне”.

У асноўным прынята закопваць такія кнігі ў яме падобнай на магілу.

Такім чынам абшчына развіталася з мноствам кніг і тэкстаў, якія з’яўляюцца вельмі каштоўнымі з рэлігійнага пункту гледжання, але ў сінагозе ўжо не хапала месца для іх захоўвання.

Па фотаздымках, размешчаных на старонцы абшчыны, бачна, што рытуал “захоўвання” кніг адбыўся на Яўрэйскіх могілках у Магілёве, што знаходзяцца ў мікрараёне Юбілейным.

Фота: яўрэйская абшчына Магілёва.

На Яўрэйскіх могілках талака – інвентарызуюць і аднаўляюць помнікі – фота, відэа

Шматгадовую ініцыятыву магілёўскай яўрэйскай грамады па аднаўленні яўрэйскіх могілак у Магілёве падтрымалі актывісты міжнароднага цэнтра «Сэфер». Для правядзення даследчых прац і інвентарызацыі помнікаў у горад прыехалі даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Масквы, Краснадара.

Яўрэйскія могілкі з’яўляюцца аднымі з самых насычаных старажытнымі помнікамі, мацэвамі – так у яўрэйскай культуры называецца каменнае надмагілле. 

Яны вядомыя з 1809 года. На ім захаваліся сотні помнікаў-мацэваў з надпісамі на іўрыце, вытанчанай разьбой у камяні, вершаванымі эпітафіямі. Яўрэйскія могілкі 

знаходзіцца на вуліцы Ольчынскай, па суседзтву з Машэкаўскімі могілкамі, на якіх хаваюць гараджан-хрысціян. 

фота: Актывісты Цэнтра «Сэфер» на яўрэйскіх могілках у Магілёве

На працягу дзесяцігоддзяў Яўрэйскія могілкі разбураліся і зарасталі хмызамі. Актывісты яўрэйскай грамады ўзяліся за іх аднаўленне у пачатку 2000-х. За апошнія гады яны адкрылі велічэзны масіў гістарычных пахаванняў, аналагаў якому па мастацкіх якасцях і па колькасці помнікаў больш няма ў Беларусі.

 

Цэнтр «Сэфер» на яўрэйскіх могілках дэтальна фіксуе кожны выяўлены помнік. Рэгіструецца яго матэрыял, наяўнасць надпісаў і эстэтычных, рэлігійных элементаў. На падставе сабранага матэрыялу даследчыкі цэнтру зрабяць пераклад усіх тэкстаў і выдадуць альбом, прысвечаны яўрэйскім могілкам у Магілёве.

Даследніцкія працы пачаліся 15 жніўня і ўжо далі плён. У глыбіні могілак выяўленыя дзясяткі не ўлічаных раней мацэваў. Іх лёс склаўся прыкра – многія з іх былі зрынутыя і раскіданыя новымі «насельнікамі» – людзьмі, што атрымалі ўчасткі пад захаванне ў 1970-х – 1980-х гадах.

Да аднаўлення Яўрэйскіх могілак далучыліся актывісты з каманды «Віра», якая займаецца падняццем і аднаўленнем занядбаных помнікаў на іншых гістарычных могілках Магілёва. Яны аднавілі адну з абрынутых мацэваў, якую раней немагчыма было падняць без спецыялізаванага абсталявання.