Як прайшоў “Вераснёўскі фэст” у Жылічах – фота, відэа

Першы маштабны фестываль “Вераснёўскі фэст” прайшоў у адрэстаўраваным і толькі што адкрытым Жыліцкім палацы Булгакаў у Кіраўскім раёне 23 верасня. 

Мерапрыемства праходзіла ў гонар 200-годдзя будаўніцтва палаца і арганізоўвалася як сур’ёзная заяўка на вялікае рэгіянальнае свята, якое будзе развівацца і з часам прэтэндаваць на наведвальнікаў з усёй Беларусі.

Адкрыццё свята не абышлося без панурага афіцыёза з уручэннем дыпломаў і вось такімі вось тварамі ў глядацкай зале.

Фота: Магілёўскія ведамасці

Таксама, як і на шматлікіх падобных мерапрыемствах у Магілёўскай вобласці, тут сабралі тэматычныя экспазіцыі ўстановаў культуры з усіх раёнаў і абласнога цэнтра – вось студыя “Чараўніцы” магілёўскага ГДК.

Вось інтэрактыўная зона ад “Музея гісторыі Магілёва”.

Фота: Вячэрні Бабруйск

У самім палацы і ў яго ўнутраным дворыку адбываліся майстар-класы па бальных танцах. Вечаровую праграму забяспечвалі зоркі беларускай эстрады.

Фота з сацыяльных сетак

Больш фотаздымкаў з “Вераснёўскага фэта” глядзіце ў нашай падборцы.

 

Фота: Вячэрні Бабруйск, Магілёўскія ведамасці і з сацыяльных сетак

У Жыліцкім палацы пройдзе “Вераснёўскі фэст” з атмасферай ХІХ стагоддзя

Маштабнае культурнае мерапрыемства запланаванае на бліжэйшую суботу, 23 верасня. 

Пачынаючы з 13.00 23 верасня Жыліцкі гістарычны комплекс-музей арганізуе мерапрыемства “Вераснёўскі фэст. Жыліцкі палац” – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Палацу сёлета спаўняецца 200 гадоў, менавіта гэтай падзеі прысвечана мерапрыемства. Днём у палацы пройдзе баль у традыцыях дзевятнаццатага стагоддзя, плаўна баль перацячэ ва ўнутраны двор, дзе ў майстар-класах змогуць паўдзельнічаць гледачы.

Таксама ў наведвальнікаў будзе магчымасць пачуць канцэрты класічнай музыкі ў выкананні аркестраў Магілёўскай абласной філармоніі, Абласнога драматычнага тэатра, Дзяржаўнага каледжа мастацтваў, убачыць паказ мод. Вакол палаца будуць арганізаваны разнастайныя фотазоны, выступленні рэканструктараў, гандлёвыя палаткі і забаўкі для дзяцей.

Фота: mogilev.media

Сафія Булгак вярнулася ў Жыліцкі палац праз два стагоддзі

Фонды Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея ў Кіраўскім раёне папоўнены партрэтам Сафіі Булгак – былой жыхаркі гэтага архітэктурнага і культурнага помніка Магілёўшчыны.

У Жыліцкі музей перададзена копія партрэта Сафіі Булгак, якую намалявала мастачка з Бялыніч Ларыса Журавовіч, паведамляе на сваіх старонках раённая газета Кіравец.

Само мястэчка Жылiчы вядома з XV стагоддзя. Яно належала князям Трабскiм, Хадкевiчам, Сапегам. У XVII стагоддзi тут была ўзведзена крэпасць: яе земляныя валы ў 3-4 чалавечыя росты часткова захавалiся да нашых часоў. У XIX стагоддзi крэпасць страцiла сваё значэнне. I якраз у гэты час Iгнацiй Булгак набыў Жылiчы ў Францiшка Сапегi.

Лідар шляхты Бабруйскага павету Ігнацій Булгак быў двойчы жанаты. Ён ажаніўся з Ізабэлай-Кларай са старажытнай і багатай сям’і Сліжаў. У гэтым шлюбе нарадзіліся двое дзяцей: Джозэф-Вітольд (1829-1892) і Сафія (1832-1881).

Старэйшая дачка Ігната Сафія ў 1853 годзе стала жонкай Генры Валовіча і нарадзіла чатырох сыноў і дзвюх дачок.

Булгакі – старажытны і вельмі разгалінаваны род, які вядзе сваю гiсторыю з XV стагоддзя. Па сямейнаму паданню, дабаснянская лінія роду паходзіць з Навагрудскай зямлі. У Булгакаў быў герб “Сыракомля”. На долю старажытнага роду не выпала нi яркiх перамог, нi гучных здзяйсненняў. Разбагацеў род толькi ў пачатку XIX стагоддзя. І гэта, верагодна, непакоiла ганарыстых уладальнiкаў Жылiч.

Таму ў Жылічах Ігнаці Булгак пачаў будаваць палац. Пра перспектывы і асаблівасці яго рэканструкцыі mogilev.media паведамлялі ў ранейшых публікацыях.

Інтэр’еры палаца былі надзвычай разнастайнымі і маляўнічымі. Калі аздабленне столі ў залах даволі добра захавалася, то сцены выглядаюць сіратліва. Адной з важных задач рэстаўрацыі палаца з’яўляецца аднаўленне інтэр’ераў.

Паколькі ў залах мелася шмат карцін, то вяртанне партрэта Сафіі Буглак вельмі прыемны і важны крок аздаблення і аднаўлення выгляду сценаў палаца.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і сацыяльных сетак.

Паглядзіце, як праходзіць рэканструкцыя старажытнай печы ў Жылічах – відэа

Рэканструкцыя печы праводзіцца на падставе фотаздымка, дзе яна трапіла ў адлюстраванне ў люстэрку – самы першы кадр. Зараз адбываюцца актыўныя рэстаўрацыйныя працы ў палацы Булгакаў у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна.

Відэа: mogilev.media з выкарыстаннем фотаздымкаў Тэлеграм-канала aktahon