У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

У Магілёве ўсталявалі інфармацыйную таблічку ў памяць пра цунамі 1942 года

Гэта першая ўзгадка пра незвычайную тэхнагенную катарстрофу ў гарадской публічнай прасторы.

Трагедыя на Дубравенцы, альбо Магілёўскае цунамі адбылося 10 красавіка 1942 года. Чыгуначны насып, які перасякае Дубравенку ў раёне Карабанаўкі, быў падарваны яшчэ савецкімі войскамі летам 1941 года. У выніку частковага абрушэння насыпу, спынілася хада ракі, і ўтварылася возера, якое прарвала насып вясной наступнага года. 

Падчас цунамі 10 красавіка 1942 года. Фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

У той дзень вадзяны вал з абломкамі льда пранесся па даліне Дубравенкі, дасягаючы некалькіх метраў вышыні, і знішчаючы ўсё на сваім шляху. Ахвярамі трагедыі сталі ад некалькіх соцень да двух тысяч чалавек.

Трагедыя 1942 года практычна не асвятлялася і не ўзгадвалася ў савекція часы, хоць да гэтага часу ў горадзе жывуць дзясяткі чалавек, што бачылі яе на ўласныя вочы. 

Інфармацыйная таблічка ўсталяваная высілкамі магілёўскага актывіста Ігара Бадзькова, які атрымаў афіцыйны дазвол гарвыканкама. Свае матэрыялы для яе прадставілі калекцыянер Алег Давід Лісоўскі і гісторык Аляксей Бацюкоў.

Таблічка размяшчаецца на набярэжнай Дубравенкі, каля спуска ад гасцініцы Магілёў і абернутая ў бок чыгуначнага насыпу.

Набярэжная Дубравенкі ў Магілёве застаецца без лавак – толькі для спартоўцаў

Дубравенская рыўера стала месцам праменаду для многіх магілёўцаў. Але застаецца без абсталяваных месцаў адпачынку, што засмучае гараджан. І гэта сістэмная праблема для Магілёва.

Жыхары Магілёва часцяком скардзяцца на малую колькасць лавак у горадзе, нават у месцах, якія нібыта і прадугледжаны для адпачынку. Асабліва гэта адчувальна летам, калі ў спёку нагульваць кіламетры цяжка, хочацца адпачыць на свежым паветры, а не ў душных кватэрах.

Прагулка па набярэжнай Дубравенцы пацвердзіла актуальнасць скаргаў. Прытуліцца няма дзе. Ад зоны адпачынку ля возера пад праспектам Міру два кіламетры да другой саджалкі ля Быхаўскага рынку. І ніводнай лаўцы.

Прысесці можна толькі калі прынясеш дыванок з дому.

Месцаў для таго каб пасядзець вельмі мала. Увага ўлады засяроджана толькі на парку Падміколле.

Адзін з пенсіянераў пабурчаўшы на адсутнасць лавак прапанаваў браць прыклад з Гомеля. Па ягоных словах у парку Перамогі тамтэйшыя ўлады прапанавалі арганізацыям гораду зрабіць па адной лаўцы.

«У выніку там няма ніводнай падобнай! Усе лаўкі розныя, шмат прыкольных. На кожнай напісана, якая арганізацыя яе зрабіла. Вось бы нашым айцам гораду выступіць каардынатарамі такога праекту!», – адзначыў пенсіянер.