Верагодна, у хуткім часе сюды пачнуць прыводзіць школьнікаў, як у музей пад адкрытым небам, і расказваць пра “генацыд беларускага народа”.
Карыстальнік папулярнай суполкі ў Facebook “Магілёў – горад, які быў…” Сяргей Шышкоў апублікаваў фотаздымкі з раскопак у лясным масіве ў Сараканайску – гэта прыватны сектар на заходняй ускраіне абласнога цэнтра, каля Казіміраўкі. На здымках бачна, што раскапаная была вялікая траншэя, даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. На дне траншэі – рэшткі чалавечых ахвяр. На гэты момант чалавечыя косці так і застаюцца ляжаць пад адкрытым небам, а тэрыторыя раскопак агароджаная засцерагальнай стужкай.
Гэты лес – месца масавых растрэлаў яўрэяў у 1941 годзе, таму, найбольш верагодна, што гэтае месца якраз ёсць брацкай магілай ахвяр Халакосту. Больш дакладна гэта можна будзе высветліць па прадметным шэрагу, што суправаджае пахаванне. Рэшткі вопраткі, абутку, асабістыя рэчы могуць даць інфармацыю пра дакладны час пахавання, і нават пра нацыянальны склад ахвяр.
Аднак, прадбачым, што па нядаўняй беларускай традыцыі, месца смутку і жалобы ператворыцца ў інструмент ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва. Сюды, відаць, ужо ў хуткім часе пачнуць вадзіць школьнікаў, каб расказаць ім пра “генацыд беларускага народа” падчас Другой Сусветнай вайны, ігнаруючы тэму Халакосту – як гэта ўжо робіцца ў Палыкавічах.
Фота: “Магілёў – горад, які быў…”