Жанчыны з фальклорнага калектыва “Астранка” правялі абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна.
Узяўшы з сабой саху і пугу, жанчыны сабраліся ля ракі Асцёр. Спачатку прачыталі малітву «Ойча Наш», перахрысціліся і згодна з абрадам вымавілі такія словы: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла, і ўсіх напаіла…».
Затым у святочных кашулях жанчыны зайшлі ў ваду і сталі цягнуць па беразе ракі плуг – “аралі ваду”. Прычым дзве цягнулі плуг, трэцяя ішла за ім, а яшчэ адна пугай паганяла, а астатнія спявалі абрадавую песню. Рухаліся ўдзельніцы ансамбля ўздоўж берага, старанна аралі раку – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.
Дарэчы, вынікам абраду сапраўды стаўся дожджык, хоць увесь дзень у Старым Дзедзіне свяціла сонца. Але трэба адзначыць, што і дождж намячаўся, паводле сіноптыкаў.
Абрад “Зазыванне дажджу” ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін, хоць характэрны звычай для ўсяго Магілёўскага Пасожжа.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, але і на палетках сядзіб.
Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць ў рэальнай традыцыі.
Фота: “Родная ніва”.