Дзень у гісторыі. Афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі. Гадавіна вызвалення Мінску з-пад акупацыі маскоўцаў. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч, літаратарка вядомая пад псеўданімам Цётка

3 ліпеня – Дзень незалежнасці Беларусі (Дзень Рэспублікі).

Галоўнае афіцыйнае дзяржаўнае свята.

Ад 1991 да 1996 году Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня. У 1990 годзе дэпутатамі Вярхоўнага савету 12 склікання была зацверджана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Праз год ёй быў нададзены статус закону.

3 ліпеня стала Днём незалежнасці рашэннем Аляксандра Лукашэнкі. З яго ініцыятывы ў 1996 годзе правялі рэферэндум, адным з пытаннем якога было змяненне даты адзначэння Дня незалежнасці. Ён быў прымеркаваны да Дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Той рэферэндум пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі. 1996 год лічыцца пачаткам усталявання ў Беларусі дыктатарскага рэжыму. Паводле апанентаў улады і міжнароднай супольнасці правядзенне рэферэндуму праходзіла з істотнымі парушэннямі заканадаўства.

novychas.online


3 ліпеня 1660 года войска Паўла Сапегі вызваліла Мінск з-пад акупацыі маскоўскага войска.

Мінск прабыў пад уладай маскоўцаў 5 гадоў. Тады трывала трынаццацігадовага вайна, распачатая ўсходнім суседам. Шырокай грамадскасці пра яе стала вядома з кнігі гісторыка Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна».

Наступствы той вайны для земляў Беларусі былі катастрафічныя. Да вайны насельніцтва Мінску складала 7 тысяч чалавек. Па вайне ў 1667-ым налічвалася толькі 300 двароў. Даваенную колькасць насельніцтва ўдалося аднавіць Мінску праз сто год.

kyky-public-storage.s3.eu-central-1.amazonaws.com


3 ліпеня 1876 года нарадзілася Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка.

Паэтэса, грамадскі дзеяч.

Адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара».

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

wikimedia.org


3 ліпеня (20 чэрвеня) 1896 года нарадзіўся Яраслаў Кастыцэвіч.

Педагог, грамадскі і царкоўны дзеяч.

Адзін з арганізатараў і дырэктар Беларускай дзяржаўнай гімназіі ў Бельску Падляскім, дырэктар беларускага ліцэю.

У Бельску Падляскім на будынку ліцэю імя Браніслава Тарашкевіча ў яго гонар усталявана мемарыяльная дошка. Яго імя носіць комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляскім.

wikimedia.org


3 ліпеня 1901 года нарадзіўся Аляксандр Крыт, вядомы як айцец Андрэй.

Рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Змагар за беларушчыну, праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Член Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, ЗША. Святар у прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе (штат Агаё).

wikimedia.org


3 ліпеня 1941 года пачалася 23-х дзённая абарона Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трывала да 26 ліпеня. Абаронцы Магілёва скавалі значныя войскі гітлераўцаў і развеялі міф пра іх непераможнасць.

Падзеі, звязаныя з абаронай Магілёва адлюстраваныя ў фільмах «Дняпроўскі рубеж», «Жывыя і мёртвыя». У памяць аб баях 172 стралковай дывізіі ў 1995 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

gubernsky.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя», а таксама з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц