23 лютага ў Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. З гэтай нагоды мы сабралі некалькі цікавых фактаў пра гэту дату ў нашым календары. Напрыклад – менавіта 23 лютага нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў далейшым прынялі на ўмовах праціўніка.
Адкуль пайшла традыцыя адзначаць 23 лютага
Гэтую дату мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. У савецкія часы па ўсёй вялікай краіне 23 лютага адзначаўся як “Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флота”. Святочная дата была афіцыйна ўведзена ў Савецкім Саюзе 27 студзеня 1922 года, калі Прэзідыум Усеорасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта РСФСР апублікаваў пастанову аб чацвёртай гадавіне Чырвонай арміі.
З 1922 года ў СССР гэта дата штогод традыцыйна адзначалася як “Дзень Чырвонай арміі”, з 1946 года – “Дзень Савецкай арміі”, а з 1949 да развала СССР – “Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту”
Дарэчы, існуе версія, што свята 23 лютага было прыдумана бальшавікамі для таго, каб людзі не святкавалі лютаўскую буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая пачалася 23 лютага 1917 года і падчас якой была рэальна скасаваная манархія.
Гістарычныя падставы святочнай даты
Урачыстасці з нагоды даты 23 лютага звязваліся з падзеямі 1918 г., калі ішла Першая сусветная вайна. 18 лютага 1918 года германскія і аўстра-венгерскія войскі пачалі наступ па ўсім Усходнім фронце. Іх наступ быў даволі імклівым, бо ў бальшавікоў практычна не мелася дастатковай колькасці ўзброеных падраздзяленняў.
23 лютага 1918 года быў апублікаваны заклік Савета народных камісараў ад 21 лютага «Сацыялістычная айчына ў небяспецы». Таксама менавіта ў гэты дзень пачаўся масавы запіс добраахвотнікаў у Чырвоную армію.
У савецкай гістарычнай літаратуры быў створаны міф пра тое, што 23 лютага 1918 года першыя вайсковыя фармаванні бальшавікоў нібыта далі рашучы адпор нямецкім войскам пад Псковам. Аднак дата “зацятага змагання” дастаткова штучная. Сапраўды бальшавіцкія фармаванні ўступілі ў бой з немцамі, але апошнія не панеслі моцных страт. Больш за тое, у выніку наступлення кайзераўскія войскі змаглі захапіць Пскоў, Талін і Тарту, бо бальшавіцкія атрады не змаглі трымаць абарону гарадоў.
Дарэчы, менавіта 23 лютага нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў далейшым прынялі на ўмовах праціўніка.
23 лютага 1918 года немцы знаходзіліся ў Мінску
18 лютага 1918 г. пачалося наступленне нямецкіх войскаў па ўсёй лініі Усходняга фронта. Мінск немцы занялі без бою 21 лютага, а пазней, 25 лютага немцы занялі Барысаў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з А.Мясніковым разам з салдатамі ратаваліся ўцёкамі ў Смаленск.
Цікава, што немцы не мелі вялікай колькасці салдат на Усходнім фронце, бо большая частка палкоў была перакінута на Захад, дзе яны цярпелі паразу за паразай і наступы на гарады былой Расійскай імперыі здзяйснялі невялікімі атрадамі, часта з 100-200 чалавек, якім бальшавікі не маглі супрацьстаяць і сыходзілі з гарадоў.
23 лютага – дзень фарміравання Беларускай краёвай абароны
Волею лёса менавіта на 23 лютага ў беларускай гісторыі прыпадае яшчэ адна дата, якая таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай – Беларускай Краёвай Абаронай. 23 лютага 1944 года, падчас Другой сусветнай вайны, калі Беларусь была збольшага акупавана нямецкімі войскамі, тагачасны генеральны камісар Беларусі Курт фон Готберг і прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады Радаслаў Астроўскі абвясцілі аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны.
Гэта вайсковае фарміраванне, што паўстала ў генеральнай акрузе “Беларусь”, было ўтворана для барацьбы супраць савецкага ладу і выступала на баку нямецкіх войскаў. Галоўнай задачай БКА з’яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай арміі частка вайскоўцаў Беларускай Краёвай Абароны перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час бывала, што частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, добраахвотна ішла служыць у БКА.
Цяперашняя сімволіка даты
У цяперашні час 23 лютага па традыцыі лічыцца святам сапраўдных мужчын. У прыватнасці, тых, чыя праца ці служба звязана, міліцыяй, войскам або пасадай ваеннага. Сёння ў гэты дзень прынята віншаваць усіх знаёмых мужчынскага полу, пачынаючы з дзіцячага ўзросту і заканчваючы старым.
Многія беларускія жанчыны віншуюць сваіх мужчын з гэтым днём, дораць ім шкарпэткі, пену для галення, або пацалунак з святочнай паштовачкай. Ва ўніверсітэтах і школах у гэты дзень спрэс адбываюцца забаўляльныя і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 23 лютага, а салдаты з нагоды гэтай даты могуць крыху адпачыць ад цяжкіх вайсковых будняў. Для часткі беларускага грамадства 23 лютага ператварылася проста ў мужчынскі дзень, калі можна павіншаваць сваіх каханых і ўсіх дарагіх і блізкіх сэрцу мужчын.
Фота з адкрытых крыніц