У парку імя Горкага сабралася пад сотню былых маракоў. Адстаўныя афіцэры прыйшлі ў мундзірах. Матросы ж шарагоўцы ў цяльняшках і іншай флоцкай адзежы, якая захавалася з часоў службы ў ВМФ.
Некаторыя на традыцыйную штогадовую сустрэчу маракоў прынеслі сцягі Ваенна-марскога флоту СССР. Была і расійская атрыбутыка. Над грамадою ўздымалася некалькі «Андрэеўскіх сцягоў» – сімвалаў Расійскага імператарскага флоту і цяперашняга Ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі.
На сходзе гучалі савецкія патрыятычныя песні, а прысутным быў «даведзены» загад Міністра абароны Расійскай Федэрацыі Шайгу ды ягоныя святочныя віншаванні. Удзельнікі памянулі хвілінай маўчання тых, хто сышоў з жыцця. У гутарках кожны згадваў даўно прамінулыя гады службы ў савецкім флоце.
Дзень ВМС у Савецкім Саюзе адзначаўся ў апошнюю нядзелю ліпеня. У гэты дзень штогод і збіраюцца адстаўныя магілёўскія маракі. Апошнюю нядзелю ліпеня, як дзень флоцкага свята пакінула сабе Расія.
Пасля анексіі Расіяй Крыму і вайны на Данбасе Ўкраіна, якая таксама адзначала дзень флоту ў апошнюю нядзелю ліпеня, дату перанесла. Цяпер флоцкае свята Ўкраіны прыпадае на першую нядзелю ліпеня.